Французы і канадцы папулярызуюць Белавежскую пушчу


Белавежская пушча – самы буйны старажытны лес на еўрапейскім кантыненце. Зубры, рэдкія віды жывёлінаў і разнастайная флора. Штогод энергетыка ўнікальнага месца вабіць да сябе дзясяткі тысяч турыстаў. Сусветнай спадчынай ЮНЭСКО зацікавіліся і еўрапейскія мастакі. Іх абʼяднаў праект «Мастацкая Белавежа». Мэта арганізатараў – прыцягнуць увагу да пушчы праз мастацтва.

Ужо некалькі дзён васьмёра майстроў – з Канады, Польшчы, Беларусі ды Францыі шукаюць натхнення па абодва бакі ад польска-беларускай мяжы. Атрыманне атраманту з раслінаў, стварэнне скульптураў, малюнкаў, перформансаў, падрыхтоўка справаздачы і каардынацыя працы – у кожнага з удзельнікаў праекту ёсць сваё заданне і сваё гледзішча.

Кантэкст праекту – глабальны

Ён адлюстроўвае дачыненні паміж прыродай і цывілізацыяй. Сімвал, якім карыстаюцца мастакі, – лес. Арганізатары падкрэсліваюць, што важна паказаць складанасць сацыяльных, экалагічных і палітычных праблемаў рэгіёну.

«Цяпер шмат праблемаў у Польшчы з Пушчай – з корнікам. Таму трэба прыцягнуць увагу моладзі і да гэтай праблемы», – даводзіць Воля Алешка, арганізатарка праекту.

Заданне куратара – стварыць цікавую і прыязную атмасферу для мастакоў, каб яны мелі магчымасць камфортна развіваць свае навыкі і ўменні ў розных умовах.

У выніку супольнай працы паўстане 8 індывідуальных і калектыўных работаў. Праект складаецца з мастацкай рэзідэнцыі ў Белавежкай пушчы, а скончыцца выставай, якая адбудзецца ў Варшаве напрыканцы ліпеня. Там мастакі падрабязна распавядуць пра свае творы. Удзельнікі ўпэўненыя: менавіта дзякуючы мастацтву можна пазбегнуць канфлікту інтарэсаў.

Сцяпан Святлоў,«Белсат», фота: Velar Grant / Zuma Press / Forum