Аб'ектыў 28.03.2018 Фінал ЧМ Беларусі па хакеі: хто ў нас №1?


Хакей

Прыйшоў час на вызначэнне чэмпіёна Беларусі сезону 2017-2018 па хакеі з шайбаю ў Экстралізе. Як і летась, тытул разгульваюць дзейны чэмпіён – «Нёман» ды менскае «Юнацтва» з той толькі розніцай, што гэтым разам фінал распачаўся ў горадзе над Нёмнам.

За апошні год за яўнаю статыстычнаю перавагаю наймацнейшыя гарадзенцы. Калі браць усе вочныя матчы супернікаў ад пачатку 2017-га, то яны выдалі ў процістаянні з галоўнымі канкурэнтамі са сталіцы 11 перамогаў супраць толькі чатырох у супернікаў. І ў мінулагодняй серыі да 30-га сакавіка «нёманцы» ужо сталі чэмпіёнамі, перагуляўшы «Юнацтва» з лікам 4:0 і ўзяўшы свой шосты тытул пераможцаў нацыянальных чэмпіянатаў. Сем зараз у «Юнацтва», якое свае дэбютныя залатыя медалі ў нацыянальных чэмпіянатах заваявала на шэсць сезонаў пазней, чым гэта зрабіў «Нёман». Першы матч фіналу-2018 у Горадні прынёс сёння перамогу гаспадарам з лікам 2:1. Працяг – заўтра там жа і ў тыя ж 18:30.

Тэніс

Распачала з брэйк-пойнту і, нават, з ліку 2:0. Затым абмянялася з суперніцаю па два разы выгулянымі кожнай на ўласных падачах геймамі. А пры ліку 5:2 на сваю карысць аддала суперніцы тры геймы запар. Гэта пра Вікторыю Азаранку, якая магутна, без аніякай заўважнай стомленасці дакрочыла да паўфіналу турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі ў амерыканскім Маямі, раўндам раней перамогшы чэшскую тэнісістку Караліну Плішкаву.

Шахматы

Турнір прэтэндэнтаў на права ўдзелу ў матчы за званне чэмпіёна свету па шахматах у Берліне выгуляў гросмайстар Фаб’яна Каруана. Пасля паразы на старце кваліфікацыйнага турніру ад расейца Аляксандра Грышчука, з якім вёў барацьбу цягам шасці гадзінаў, Фаб’яна затым прайшоў шасцёра іншых канкурэнтаў, і цяпер менавіта ён будзе рыхтавацца да двубою з дзейным уладальнікам кароны, 16-м чэмпіёнам свету, 27-гадовым нарвежцам Магнус Карлсэнам.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: vk.com/hcjunost

Глядзі таксама
Каментары