Фільм «Крым» пасварыў Беларусь з Украінай


Гісторыю пра расейскае бачанне анексіі Крыму абяцаюць паказаць у беларускіх кінатэатрах ужо ўвосень. Прынамсі, тое вынікае з трэйлеру, які можна ўжо цяпер пабачыць перад кінапаказамі. Стужка «Крым. З любімымі не разыходзьцеся» стваралася пад пільным вокам самога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і распавядзе пра любоў напярэдадні анексіі ды ня толькі.

«Многія ж лічаць, што вось прыйшло ў галаву вышэйшаму кіраўніцтву краіны забраць Крым, вось і забралі. А самае галоўнае – дзеля чаго гэта было зроблена, бо зразумелі, што будуць трупы, зразумелі, што будуць забіваць», – тлумачыць рэжысёр фільму Аляксей Піманаў.

Рэжысёр упэўнены, што «Крым» распавядзе ўсю праўду пра гэтак званую Крымскую вясну. Аднак беларусы расейскай праўды на вялікім экране могуць і не пабачыць. Намеснік генеральнага дырэктара «Кінавідэапракату» Андрэй Разжавайкін у каментары для радыё «Свабода» запэўніў, што «Крым» у кінатэатрах дэманстраваць ня будуць.

Кінакрытык Сяргей Філімонавў: Гэты фільм – тэст для Беларусі

«Беларусь далучэнне Крыму да Расеі не прызнае, але калі гэтую стужку пачнуць паказваць у беларускіх кінатэатрах, гэта будзе азначаць, што самастойнасці і незалежнасці няма нават у гэтым дробным пытанні», – упэўнены Сяргей.

Гэта не першая спроба расейскіх кінаробаў паказаць сваю версію падзеяў на паўвостраве. Гэтак у фільме двухгадовай даўніны «Расейскі характар» галоўны герой вяртаецца на Крым, дзе пануюць нацыяналісты, расейскамоўных забіваюць, а мясцовыя жыхары спадзяюцца толькі на дапамогу расейскай арміі. Але амбасада нашай паўднёвай суседкі выступіла з нотаю пратэсту да беларускага МЗС у звязку з заяўленым паказам новай кінастужкі.

«Калі ўжо падаваць ноту пратэсту, то і супраць рэтрансляцыі ўсіх расейскіх каналаў на тэрыторыі Беларусі, якія нясуць адкрытую прапаганду і па-сутнасці ёсць рупарам расейскіх уладаў. А з іншага боку такая ўвага да фільму можа дадаць яму большую папулярнасць», – упэўнены палітолаг Алесь Лагвінец.

А магчыма, не варта загадзя кляйміць фільм?

Раптам нам сапраўды пакажуць абʼектыўны погляд на крымскія падзеі на фоне зграбнага сюжэту? Сяргей Філімонаў ад такой імавернасці адмахваецца.

«Справа ў тым, што тут не чакаецца чагосьці асаблівага, я паглядзеў звычайны прадукт гэтага рэжысёра і скажам так – не прэтэндуе гэта на нейкае мастацтва», – даводзіць кінакрытык.

Нават калі «Крым» і завітае ў айчынныя кінатэатры, то наўрад ці гэта сапсуе дачыненні з Кіевам, мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец. Нягледзячы на хаўрус Менску з Крамлём, Украіна, якая ўжо ў чацвер прыме з афіцыйным візітам кіраўніка Беларусі, гатовая заплюшчыць вочы на такія падзеі. Самому Лукашэнку сённяшні Кіеў таксама неабходны, падкрэслівае ён.

Паводле адмыслоўца, акрамя вырашэння эканамічных пытанняў Лукашэнка едзе ў Кіеў, перадусім каб запэўніць у адсутнасці пагрозаў для Украіны ад вераснёўскіх вучэнняў «Захад-2017». Адмова ж ад паказу расейскага «Крыму» будзе, як кажуць, дробяззю, але прыемнаю.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»