Фігуранты «справы патрыётаў» выходзяць на волю, але маўчаць


Фігуранта гэтак званай «справы патрыётаў» Яўгена Палтаржыцкага пасля двух месяцаў у СІЗА КДБ перавялі пад хатні арышт. Першапачаткова следства абвінавачвала мужчыну ў рыхтаванні масавых закалотаў, пазней дадалі артыкул аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Менавіта Палтаржыцкі распавядаў пра лясное сховішча «Белага легіёну» на кадрах Беларускага тэлебачання, паказаных напрыканцы сакавіка.

Гісторык з адукацыі, Яўген Палтаржыцкі стаўся 16-м з 32-х удзельнікам «справы патрыётаў», якога ўлады вызвалілі з вязніцы. Сяргей Пальчэўскі выйшаў на свабоду ў сярэдзіне красавіка і ўжо больш за месяц застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

«Справа была сфальсіфікаваная і яна палітычная»

«У іх няма нічога каб давесці справу да суда, таму яны пачалі вінаваціць усіх па другім артыкуле – за незаконныя ўзброеныя фармаванні», – даводзіць спадар Пальчэўскі.

19 траўня на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Кіеве заснавальнік і былы кіраўнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба (раней Чыслаў) казаў пра катаванні ды ўжыванне псіхатропных сродкаў у турмах у дачыненні фігурантаў «справы патрыётаў». Паводле Чыслава, частку з іх выпусцілі ў сувязі са станам здароўя.

Некаторыя ледзь не памерлі пасля пабояў у СІЗА КДБ

Пацвярджае жорсткія захады следчых і ліст ад яшчэ аднога затрыманага ў «справе патрыётаў». Сяргею Кунцэвічу следства выставіла абвінавачанне ў рыхтаванні масавых закалотаў.

«Адбываліся катаванні электрашокерам, хацелі высветліць, дзе Мікалай», – такім чынам яго катавалі, каб высветліць месца дзе я схаваўся напярэдадні 25 сакавіка», – сведчыць палітык Мікола Статкевіч.

Справа патрыётаў» рассыпаецца?

Некаторыя арыштаваныя нават ніколі не бачылі адзін аднаго. Але ў беларускіх рэаліях гэта не мае вялікага значэння.

Цяпер у СІЗА застаецца палова з 32-х пачаткова затрыманых у справе асобаў. Усім ім і яшчэ пяці вызваленым выставілі абвінавачанне паводле 3-й часткі 293-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, «аб масавых закалотах», што прадугледжвае пакаранне ад 6-і месяцаў да трох гадоў пазбаўлення волі. 15-ці – дадалі 287-ы артыкул: «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання». Асуджаных за яго караюць абмежаваннем волі на тэрмін да 5-ці гадоў або пазбаўленнем волі ад трох да сямі гадоў.

Шмат каму «справа патрыётаў» неабыякавая

Сёння ў сталіцы на знакамітым ужо мурале «Масква – Менск» зʼявіўся надпіс «Я – Белы легіён», і побач прыпіска: «патрыёт не злачынца». Камунальныя службы аператыўна замалявалі тэкст.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Дзмітрый Каратаеў / Коммерсант