Фермер пра дэфіцыт угнаенняў: прасцей скрасці, чым купіць


Прасцей скрасці, чым купіць – гэтак фермер з Пастаўскага раёну Уладзімір Іванковіч каментуе нястачу фосфарных угнаенняў, якія неабходныя пры пасеве азімых культураў. Напярэдадні сяўбы мужчына з ног збіўся, каб адшукаць патрэбныя суперфасфаты, але ў найбліжэйшых калгасах атрымліваў адмовы.

«Размеркавалі па калгасах і вам выдзеліць не можам, я кажу – як зарэзерваваныя? Яны выкупаць будуць, не будуць? Ну, зарэзерваваныя, і мы не маем права вам прадаць», – абураецца Уладзімір.

У Беларусі фосфарныя ўгнаенні выпускае толькі Гомельскі хімічны завод

Прычым сыравіну для іх вытворчасці даводзіцца закупаць за мяжой, бо ў нашай краіне яе няма. У выніку фосфарныя ўгнаенні ў Беларусі каштуюць даражэй за калійныя або азотавыя, і знайсці іх цяжка. Дзяржаўныя аграсервісы закупаюць іх для калгасаў, але тут узнікаюць свае складанасці.

«У нас на складзе ў глыбокім ёсць фосфарныя ўгнаенні, але толькі для калгасаў, але калгасы не маюць грошай, каб яго выкупіць, і яно ляжыць, ні фермеру яго не могуць прадаць, ні ў калгас не прадаюць», – даводзіць адмысловец у сельскай гаспадарцы Зміцер Лупач.

І гэта нягледзячы на тое, што калгасам гэтыя ўгнаенні прапаноўваюць па значна ніжэйшых коштах. Гэтак, калійныя ўгнаенні можна набыць коштам у 8 разоў ніжэйшым за рыначны.

«Відавочна, пакуль гэтая палітыка тычыцца выключна калгасаў, з’яўляецца спакуса, каб рэалізаваць гэтыя ўгнаенні для іншых вытворцаў», – кажа прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Фосфарныя ўгнаенні, праўда, не на продаж, знайшліся ў гаспадарцы «АграСітцы», што каля Докшыцаў. Там гэтае нятаннае рэчыва захоўваюць у былых сіласных вежах пад старым іржавым замком. Але прыватніку іх прадаваць не дазволена.

Настасся Храловіч, «Белсат»