Аб'ектыў 17.03.2017 Феміда Лукашэнкі: забівала, забівае і будзе забіваць


Чарговы смяротны вырак, першы сёлета. Гэтым разам суд, ад імя Беларусі, прыгаварыў мужчыну да найвышэйшай меры пакарання за забойства двух чалавек з асабліваю жорсткасцю.

Адметна, што ў мінулым месяцы, за падобнае злачынства, іншага прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Тады эксперты расцанілі гэта як своеасаблівую саступку: маўляў адмяняць расстрэлы не будзем, але і прамяняць іх таксама. Што ж змянілася цяпер?

Упершыню ён забіў, калі яму не было і 18-ці гадоў

Адседзеў, выйшаў на волю, зноў сеў за крадзеж, выйшаў… і праз месяц забіў двух чалавек – пажылых брата і сястру. Жыхар Нароўлі віну за жорсткія забойствы прызнае часткова – кажа, што абараняўся. Цяпер жыццё асуджанага пад рэальнаю пагрозаю – Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да расстрэлу.

Страшны прысуд яшчэ не набыў моцы, і ён можа быць абскарджаны.

Праваабаронцы кажуць, што беларуская Феміда найчасцей у такіх выпадках застаецца жорсткая.

«Апошнім часам часта можна было пачуць, што ўлады абяцаюць, што сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, што вось-вось смяротнае пакаранне будзе адмененае, уведзены мараторый як першы крок», – узгадаў Андрэй Палуда, «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

Аднак адразу чатыры расстрэлы асуджаных, здзейсненыя некалькі месяцаў таму, сведчаць пра адваротнае.

«Кажуць, бог даў жыццё, бог павінен забраць. А яму хто даў права забраць чужое жыццё?», – выказваўся Лукашэнка.

Дзяржаве забіраць чужое жыццё дазваляе закон

Але закон таксама дазваляе кіраўніку краіны памілаваць асуджанага. Аленак за часам кіравання Аляксандра Лукашэнкі з амаль 250 асуджаных да смяротнага пакарання ён памілаваў толькі аднаго чалавека.

«Дзяржава не можа адымаць жыццё, не мае на гэта аніякага права. Гэта ні па-хрысціянку, ні па-чалавечы».

«Больш гуманным будзе пажыццёвае зняволенне, каб чалавек усвядоміў зробленае ім».

«За адпаведнае злачынства павіннае быць адпаведнае пакаранне».

– мяркуюць на вуліцах Менску.

Еўрапецы просяць, беларус не слухае

З такімі заклікамі да кіраўніцтва нашай краіны ўжо другое дзесяцігоддзе звяртаюцца еўрапейскія палітыкі, днямі паўтарыў просьбу Еўразвязу – увесці мараторый на смяротнае пакаранне – і міністр замежных справаў Бельгіі.

Не забівайце і будуць вам грошы!

Заходніх крэдытаў, якія ва ўмовах эканамічнага крызісу патрэбныя ўладам Беларусі пакуль не відаць. Бо наўзамен еўрапейцы патрабуюць – не біць і не забіваць людзей. Але ўлады краіны не дэманструюць добрай волі.

«Пазіцыя беларускай улады звязаная з тым, што нас нельга прымусіць да выканання нейкіх абавязкаў. Праз тое, што смяротныя прысуды выносяцца і выконваюцца гэтым дэманструецца пэўная незалежніцкая пазіцыя і гэтая ненахіляльнасць, як яны любяць казаць», – упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў.

Каб не ахвяраваць іміджам цвёрдага палітыка, ахвяраваць даводзіцца жыццямі людзей. На гэты момант у «калідоры смерці» ў сталічным СІЗА расстрэлу чакаюць дзве асобы.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары