Аб'ектыў 02.08.2018 Фэйкавая смерць Лукашэнкі: вынікі і высновы


Аляксандр Лукашэнка з’явіўся на публіцы з жартамі пра тое, што ведае, як яго заўчасна паспелі пахаваць. Адкуль і дзеля чаго ўзніклі чутка пра інсульт кіраўніка Беларусі?

Наведваючы поле ў Менскім раёне, Аляксандр Лукашэнка ў размове з мясцовым кіраўніком у жартаўлівай форме пракаментаваў чуткі пра свой інсульт.

«У наступным годзе мне паведаміш. Ты ж дажывеш да наступнага года? Але ты асабліва не заракайся. Мяне суткі таму пахавалі і цябе могуць пахаваць».

«Паўсталы з ТАГО свету» кіраўнік краіны паказаў народу, што разумее праблемы ГЭТАГА свету, дзе цяпер пануе сапраўднае ПЕКЛА:

«Можа быць, гэтыя 2–4 гадзіны не працаваць – трэба паберагчы людзей».

Калі людзям – некалькі гадзінаў адпачынку, то Лукашэнку – некалькі дзён. За два дні, што кіраўніка краіны не паказвалі па тэлевізары ў часе працы, разляцелася чутка пра інсульт.

Жыхары Менску:

«Кепска, канечне, калі ў чалавека інсульт і ўсё» (пасміхаецца)

«Ха-ха, што ён ёсць, што яго няма».

«Я ў шоку: добры чалавек, добры прэзідэнт, ён мне заўсёды падабаўся, будзе сумна, калі ён адыдзе з нашага свету».

Першым распаўсюдзіў інфармацыю пра хваробу Лукашэнкі тэлеграм-канал «Незыгарь», які публікуе нібыта інсайды з кулуараў расейскай улады. Парталу Naviny.by прадстаўнікі «Незыгаря» патлумачылі прычыну цікаўнасці да Беларусі.

«Нам цікавыя краіны, якія перабываюць на стадыі транзіту ўлады. У Беларусі працэс самабытны і востры. Ёсць запыт на змену ўлады, на абнаўленне».

Запыт, можа, і ёсць, але ці ёсць жаданне ў цяперашняга кіраўніка краіны пакінуць прэзідэнцкае крэсла? Раней ці пазней, але гэта непазбежна.

«Такія ўкідванні можна патлумачыць спробай спрагназаваць, прааналізаваць паводзіны грамадства», – адзначае палітолаг Павел Усаў.

Грамадства навіна пра інсульт Лукашэнкі не пакінула абыякавым.

Жыхары Менску кажуць:

«Па-першае, няма нікога, хто мог бы ачоліць дзяржаву гэтак жа, як Аляксандр Рыгоравіч, а з іншага боку – страшна пра гэта думаць».

«Калі скрэсліць Лукашэнку з улады, будзе разброд, анархія, бо ўсё на яго завязана».

«Зараз складаная геапалітычная абстаноўка, і, канечне, гэта несвоечасова».

«Такога яшчэ аднаго чалавека будзе складана знайсці ў Беларусі, магчыма, кандыдатура прэм’ер-міністра, ці нехта з яго каманды – стаць пераемнікам».

Апошні варыянт перадачы ўлады палітолагі называюць наменклатурнай трансфармацыяй, калі згодна з Канстытуцыяй на тры месяцы – да наступных прэзідэнцкіх выбараў – улада перайшла б да прэм’ер-міністра краіны.

«Наменклатура дзейная, найбольш уплывовыя фігуры вырашалі б, хто стаў бы прэзідэнтам. Па прынцыпе таго, што няма вельмі моцнай фігуры на сённяшні дзень, якая магла б заступіць Лукашэнку, то, напэўна, быў бы ўнутраны кампраміс», – мяркуе Павел Усаў.

Але гэта ў выпадку раптоўнай смерці, у выпадку ж хваробы дзейнага кіраўніка краіны паспеюць распрацаваць і іншы сцэнар – перадачу ўлады «ў свае рукі».

«Можа быць падрыхтаваны сцэнар «Пераемнік» – мадэль дынастычнай перадачы ўлады ад бацькі да сына, як гэта адбылося, напрыклад, у Азербайджане», – кажа палітолаг Павел Усаў.

Ужо менш як праз месяц Аляксандру Лукашэнку споўніцца 64 гады. І нават калі гэтым разам ў кіраўніка Беларусі інсульту не было, то, як кажа народная мудрасць, дыму без агню не бывае. Бледны выгляд Лукашэнкі таксама не абвяргае таго, што і ў моцнага лідара могуць быць слабыя месцы.

Вольга Старасціна, Белсат

Фота – president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары