Фэдэрэр перамог на Australian Open – у шосты раз


Такім чынам, швейцарац стаў 20-разовым пераможцам турніраў «Вялікага шлему».

36-цігадоваму шчасліваму бацьку дзвюх блізнятак-дачок і двух блізнюкоў хлопцаў нішто не замінае няспынна цешыцца гульнёю ў тэніс. Сёння Фэдэрэр стаў ужо 20-ціразовым пераможцам турніраў «Вялікага шлема».

Палову гэтых тытулаў швейцарац выгуляў на «Ўімблдане», а ў аўстралійскім Мельбурне мае другі паказнік, стаўшы чэмпіёнам шосты раз. Але менавіта на зялёным кантыненце Фэдэрэр здолеў узяць два трафеі запар.

Леташні фінал супраць іспанца Рафаэля Надаля здарыўся пяцісэтавым. Гэтак жа стала і сёлета, калі супернікам быў харват Марын Чыліч.

Швейцарац мусіў праявіць сваё высокае майстэрства і вынаходлівасць, каб схіліць шалі гульні на сваю карысць. Матч даўжынёю тры гадзіны і чатыры хвіліны наблізіў пераможцу ўсяго на адлегласць 155 пунктаў ад лідара рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, таго ж Надаля.

Ужо ў наступным месяцы швейцарац можа вярнуцца на вяршыню табелю аб рангах упершыню пасля лістападу 2012 года.

АП/ДД