Фабрыка рэпрэсіяў: першая сотня затрыманых за пратэсты


Фабрыка прысудаў апошнія два дні працуе напоўніцу. Як падсумоўвае праваабарончы цэнтр «Вясна», агульная колькасць затрыманых з пачатку сакавіка склала больш сто чалавек. Сёння працэсы працягнуліся ў шэрагу гарадоў краіны: у Горадні, Берасці, Магілёве. Такой хвалі рэпрэсіяў нашая краіна не бачыла ад снежня 2010-га.

У Горадні адбылося ажно 13 працэсаў над грамадскімі актывістамі

Адразу трох пакаралі адміністратыўнымі арыштамі: Сяргея Верамеенку на 15 содняў, Ежы Грыгенча і Вадзіма Саранчукова на 13.

Астатнія разлічацца за свае погляды грашыма: удзельнікі Маршу недармаедаў агулам заплоцяць штрафаў на суму амаль Br 3 500 ці больш за $ 1800.

У Берасці фабрыка прысудаў таксама працавала спраўна

15-цю соднямі адміністратыўнага Арышту пакаралі блогера і журналіста Сяргея Пятрухіна, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». Што праўда, завочна, бо цяпер наш калега за мяжою. Такую ж кару атрымаў і журналіст Дзмітрый Гарбуноў. Абодва вялі наўпроставыя трансляцыі з акцыі пратэсту. Суддзя не прыняў да ведама, што Гарбуноў падчас і акцыі, і суда меў рэдакцыйнае заданне ад «Брестской газеты».

Судзілі сёння ў Берасці і актыўную ўдзельніцу пратэстаў Паліну Шарэнду-Панасюк. Яе, маці дваіх малых дзяцей, затрымалі сёння на выхадзе з уласнага дому і некалькі гадзінаў пра кабету нічога не было вядома. Працэс над актывісткаю таксама адбываецца без прысутнасці журналістаў ці праваабаронцаў.

Магілёў

Сёння ў ізалятар часовага ўтрымання змясцілі і кіраўніка абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзіміра Шанцава, які сам прыйшоў па позве ў міліцыю. Заўтра яго чакае суд. Затое сёння дачакаўся пакарання Алег Аксёнаў, актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і ўдзельнік Маршу недармаедаў – 15 содняў адміністратыўнага Арышту.

Баранавічы

У Баранавічах суд над Яўгенам Жураўскім, Барысам Шырынгам і Міхаілам Стрэльчыкам перанеслі на заўтра на 10-ую гадзіну. Судзіць будуць разам з бацькам і сынам Чарнавусамі.

Бабруйск

Максіма Буйніцкага, удзельніка пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах, будуць судзіць паслязаўтра. Яго вінавацяць паводле трох артыкулаў – дробнае хуліганства, пашкоджанне фасадаў будынку ды арганізацыя несанкцыянаванай акцыі 26-га лютага. Але ўжо сёння Буйніцкі распачаў галадаванне на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў.

Яшчэ аднаго актывіста ў Бабруйску, Аляксея Раманава, пакаралі штрафам Br 46. Яўген Васьковіч правядзе за кратамі за Марш недармаедаў 15 содняў.

Менск

У Менску за ўдзел у Маршы абураных беларусаў на 12 содняў асудзілі Марыну Насенку. Дзяўчыну затрымалі, калі тая прынесла перадачу свайму хлопцу Вячаславу Касінераву, які ўжо адбывае Арышт.

Юрый Салодкі, «Белсат»