Еўропа ўшаноўвае памяць ахвяраў сталінізму і нацызму


Дзве таталітарныя сістэмы, якія забралі жыцці мільёнаў людзей. Еўропа ўшаноўвае памяць ахвяраў сталінізму і нацызму. Дата абраная невыпадкова: 23 жніўня 1939-га года Нямеччына і СССР падпісалі пакт аб ненападзенні, які падзяліў Еўропу на сферы ўплыву.

Праз амаль 80 гадоў пасля гэтай даты, няма сумневаў, што злачынствы супраць чалавецтва не маюць тэрміну даўніны.

Нараджалі ў таварных вагонах, на этапах у лагер, у зонах. Сталінская рэпрэсіўная сістэма не пашкадавала ні маці, ні дзяцей. Маці Зінаіды Тарасевіч разам з сямʼёй саслалі ў Архангельскую вобласць у 1930-м годзе, дзе яна працавала на лесараспрацоўках.

«Мая маці ўжо да 1936-га года заставалася з сямʼі 11 чалавек адна. Таму яна вырашыла мяне нарадзіць, таму што, яна казала, калі я загіну, ніхто ж не будзе ведаць, дзе загінула нашая сямʼя, якая так хацела жыць», – распавядае Зінаіда Тарасевіч.

Толькі напрыканцы вайны маленькая Зінаіда разам з маці здолелі вярнуцца на Радзіму, дзякуючы высілкам бацькі-франтавіка.

«Ён без рукі вярнуўся, пакалечаны, ён дабіваўся праз Калініна, каб нам далі дазвол, і ў 1945-м нам далі дазвол на выезд сюды, у Беларусь», – працягвае Зінаіда Тарасевіч.

Але так пашчасціла нямногім. Сотні тысячаў загінулі ў высылцы ці былі расстраляныя. Памяць людзей, якія зазналі агрэсію таталітарных СССР і Нямеччыны, Еўропа афіцыйна ўшаноўвае 23-га жніўня, восьмы год запар.

«Трагедыя ў першую чаргу ў тым, што два рэжымы вырашылі лёсы не толькі сваіх народаў, але яны вырашылі лёсы і Еўропы і нават вырашалі лёсы ўсяго свету», – мяркуе гісторык Ігар Кузняцоў.

78 гадоў таму ў гэты дзень Нямеччына і СССР падпісалі пакт аб ненападзе, а да яго сакрэтны пратакол, падзяліўшы паміж сабою Усходнюю Еўропу. Усяго праз тыдзень Гітлер напаў на Польшчу, а савецкія войскі прасунуліся на Захад. Пачалася адна з самых трагічных старонак не толькі 20 стагоддзя, але і ўсёй гісторыі чалавецтва.

Гэтак жа як і Беларусь, Польшча зазнала на сабе злачынствы абодвух рэжымаў. Адзін з помнікаў у польскай сталіцы ўшаноўвае памяць не толькі герояў варшаўскага гета, але і ўсіх ахвяраў Галакосту. За шэсць гадоў вайны Польшча страціла больш за 6 млн жыхароў, з іх прынамсі палова – габрэяў.

Лагеры смерці Аўшвіц, Майданэк, Трэблінка Жахі нацызму скаланулі ўвесь свет. На тэрыторыі БССР паводле афіцыйных дадзеных, з 1941-га да 1944-га году гітлераўцы забілі больш за 2 млн чалавек. Дакладную лічбу ахвяраў сталінскага тэрору, які працягнуўся і ў мірны час даведацца немагчыма, кажа гісторык Ігар Кузняцоў. Паводле дадзеных яшчэ 1993-га года агульная лічба рэпрэсаваных у Беларусі складае каля 600 тыс. чалавек, але, паводле навукоўца, яе можна павялічыць прынамсі ўдвая. Пры гэтым, адзначае адмысловец, трагедыя рэпрэсіяў бачная не толькі і не столькі ў лічбах і маштабе трагедыі:

«Мы не кажам аб людзях. Трэба казаць аб кожнай асобе, незалежна ад таго, ці быў ён пісьменнікам, ці простым рабочым. На любым узроўні памяць павінная быць ушанаваная ў нейкай форме».

На афіцыйным узроўні, цвердзяць гісторыкі, сталінскія рэпрэсіі, у адрозненні ад нацысцкіх, фактычна замоўчваюцца. Таму і ўрочышча Курапаты пад Менскам, дзе пахаваныя сотні тысячаў расстраляных нкусаўцамі, застаецца амаль без увагі чыноўнікаў.

Сваім меркаваннем на гэты конт дзеліцца сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

«Беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб памяць была забытая, але ў нас ёсць семʼі, у нас ёсць дзеці, многія з іх не ведаюць, што такое Курапаты, многія з іх ні разу тут не былі. І першае, што можна зрабіць – гэта прывезці сваіх дзяцей на маленькую экскурсію».

Між тым, семʼі, пакалечаныя трагедыяй, жадаюць зусім нямнога.

«Трэба расказаць народу ўсю праўду, гэта першая неабходнасць. Мая маці так хацела, каб зналі, дзе загінула сямʼя яе»«, – кажа Зінаіда Тарасевіч.

Але разбірацца ў цёмных старонках мінуўшчыны і іх пераасэнсоўваць улады Беларусі ўсцяж не гатовыя. Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Беларусі 29-га кастрычніка ўшаноўваюць толькі на неафіцыйным узроўні. Не адзначаная на календары і дата 23-га жніўня.

Таццяна Рэут, belsat.eu