Еўразвяз хоча, а «бацька» не прыедзе. Баіцца Расеі?


Першае ў гісторыі «Усходняга партнёрства» асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на саміт. І якое кіраўнік Беларусі не прыняў. Пра гэта стала вядома ўсяго за тры дні да сустрэчы.

«Ён вырашыў, што каштуе нашмат больш, чым проста нібыта шараговы візіт на саміт у Брусель», – упэўнены Алесь Лагвінец.

Узровень Макея

У выніку еўрапейскія палітыкі пабачаць ужо дасведчанага ў працы «Усходняга партнёрства» Уладзіміра Макея. Ён быў на самітах у Вільні ў 2013-ым і 2015-ым. Пра тое, што Лукашэнка ў Бельгію не паляціць, палітык Віталь Рымашэўскі ў нашым эфіры заяўляў яшчэ на мінулым тыдні. Галоўныя прычыны рашэння: не атрымалася дамовіцца на высокія двухбаковыя сустрэчы ды і важкіх дамоўленасцяў, сярод іншага, базавага пагаднення, з Беларуссю падпісваць на саміце не плануюць.

«Аляксандр Лукашэнка хацеў афіцыйнага статусу, высокіх сустрэч і вялікіх абяцанняў Еўрапейскага звязу. Настолькі моцна было яго жаданне і высокімі патрабаванні, што нават міністру замежных справаў Нямеччыны прыйшлося прыехаць за тыдзень да пачатку саміту ўгаворваць», – тлумачыў спадар Рымашэўскі.

Беларусь усё разумее па-свойму

На поўнай кампліментаў сустрэчы ў Менску, Зігмар Габрыель выказаў спадзеў, што Лукашэнка ў Бруселі з’явіцца. Нягледзячы на адмоўнае рашэнне ў апошнія хвіліны МЗС нашай краіны падкрэслівае зацікаўленасць у далейшым развіцці беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, хоць і ва ўласным разуменні.

«У цяперашні час «Усходняе партнёрства» ЕЗ у большай ступені ёсць фарматам супрацы, у якім краіны-партнёры дамагаюцца прызнання еўрапейскай перспектывы. Беларусь не ставіць перад сабою такой мэты, аднак выступае за захаванне і развіццё «Усходняга партнёрства» ЕЗ як інструменту развіцця непалітызаванай супрацы, скіраванай не супраць кагосьці, а на рашэнне агульных праблемаў і пытанняў», – заявіў Андрэй Шупляк з Упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі.

Дэпалітызаваным «Усходняга партнёрства» назваць не выпадае

«Усходняе партнёрства» адназначна ёсць альтэрнатыўным праектам, альтэрнатыўным адносна Расеі, і ейнага ўплыву. І відавочна, што расейскі чыннік уплываў на рашэнне Лукашэнкі. І мы бачым, што што б ні казала зараз Расея, любы міжнародны форум, у якім Беларусь удзельнічае, Расея не ўдзельнічае – гэта зʼяўляецца патэнцыйнай пагрозай у вачох Крамля», – даводзіць Лагвіец.

Таму, не выключае эксперт, гэты фактар таксама мог паўплываць на рашэнне Лукашэнкі. Адмыслоўцы пагаджаюцца, што крыўдзіцца на кіраўніка Беларусі ў Бруселі не будуць, але асадак можа застацца.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Sputnik / Reuters / Forum