Еўрапейскую Расею пачалі будаваць у Вільні


Прадстаўнікі апазіцыйнай Расеі ўсё часцей сустракаюцца за межамі Расеі афіцыйнай. Сёння ў Вільню на трэці Форум свабоднай Расеі з’ехаліся апазіцыйныя расейскія палітыкі, грамадзянскія актывісты, эксперты, журналісты і блогеры. Цэнтральная фігура форуму – былы кандыдат на прэзідэнта Расеі Гары Каспараў.

«Гэтае абмеркаванне кажа пра тыя праблемы, якія ў Расеі выведзеныя сёння за дужкі, нават тымі, хто лічыцца апазіцыяй. І мы ўвесь час нагадваем, што ёсць тэма Крыму, усходу Украіны, іншых акупаваных Расеяй тэрыторыяў», – патлумачыў Гары Каспараў.

Віленская пляцоўка, паводле арганізатараў, закліканая сфармаваць базу для пабудовы новай еўрапейскай Расеі. Сёлета форум сабраў актывістаў з 32 рэгіёнаў Расеі, а таксама прадстаўнікоў расейскай дыяспары ў Еўропе.

Палітычная сітуацыя ў Расеі змяняецца вельмі хутка

Стварэнне вобразу новай Расеі – адна з мэтаў форуму. Пры гэтым яго ўдзельнікі задаюцца пытаннем, якім чынам прамысловасць нібыта развіваецца, а прыбыткі насельніцтва ўпалі на 8 %.

«Ўлады праводзяць палітыку ў галіне нарошчвання ваеннага патэнцыялу, заніжэння ўзроўню жыцця для таго, каб перапраўляць фінансавыя рэсурсы, напрыклад, на падрыхтоўку ваенных дзеянняў», – падкрэсліў Андрэй Іларыёнаў з Інстытуту Катона (ЗША).

На форум паспрабавалі трапіць федэральныя расейскія медыі

Паводле ўдзельнікаў, дзяржаўныя тэлеканалы штогод паліваюць іх брудам. Падалі заяўку на ўдзел і працаўнікі мясцовай расейскай амбасады.

«Барыс Нямцоў любіў казаць, што ва ўмовах адсутнасці палітычнай канкурэнцыі адзіны спосаб ацаніць сваю дзейнасць – гэта глядзець на тое, як на яе рэагуе Крэмль. Мы ведаем, што за дзейнасць Барыса Яфімавіча Крэмль даў вышэйшую адзнаку», – дадаў Каспараў.

Фармат форуму крытыкуе частка апазіцыі

Некаторыя праціўнікі Уладзіміра Пуціна называюць форум з’ездам адстаўных палітыкаў. Альтэрнатыву знайсці не цяжка – за апошнія пару гадоў у еўрапейскіх краінах з’явілася некалькі падобных прадстаўніцтваў «свабоднай Расеі», дзе расейцы могуць дыскутаваць аб цяперашнім і будучым краіны.

Маша Макарава, «Белсат»