«Еўрапейскі дыплом, з'ехаць з Беларусі, свабода». «Белсат» пагутарыў з абітурыентамі ЕГУ


Абітурыенты кажуць, што гэта еўрапейская адукацыя, тут дазваляюць думаць свабодна, але некаторыя не хаваюць – жаданне зʼехаць за мяжу таксама вялікае.

28-га–29-га студзеня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт ладзіць дні адчыненых дзвярэй, калі можна бліжэй пазнаёміцца з навучальнымі праграмамі, а таксама папярэдне здаць уступныя іспыты. Не першы год сярод абітурыентаў папулярнасцю карыстаецца праграма «Медыі і камунікацыі». Каб зрабіць яе больш даступнаю, рэкрутатары нават знізілі прахадны бал. Традыцыйна высокая цікаўнасць сярод ахвочых паступіць у ЕГУ і да магістарскіх праграмаў.

«У гэтым годзе тры магістарскія праграмы ў нас атрымалі акрэдытацыю на 6 гадоў. І гэта робяць праграмы больш прывабнымі. Гэта праграма па сусветнай палітыцы, праграма па культурнай спадчыне і па міжнароднаму праву і праву Еўрапейскага Звязу», – кажа каардынатарка ў наборы студэнтаў Аліна Яблонская.

Яшчэ адна навінка навучальных праграмаў ЕГУ – джойнтэд-праграма. Гэта калі студэнты дыстанцыйна ці вочна навучаюцца ў дзвюх установах адначасова, у выніку выпускнік атрымлівае дыпломы двух універсітэтаў. Такую супрацу Дэпартамент сацыяльных і палітычных навук ЕГУ распачаў з эканамічным дэпартаментам універсітэту Вітаўта Вялікага ў Коўне.

«Хвалююцца бацькі некаторых нашых студэнтаў, што нібыта не могуць выпускнікі знайсці працу ў Беларусі нібыта таму, што яны паказваюць свой егушны дыплом. Калі такія страхі ёсць у бацькоў мы іх здымаем, можна паказаць свой другі дыплом Каўнаскага універсітэта», – адзначае выкладчык Дэпартаменту сацыяльных і палітычных навук Уладзіслаў Іваноў.

Не зважаючы на тое, што ўніверсітэт больш за 10 гадоў функцыянуе ў выгнанні, беларускае моладзь едзе паступаць у ЕГУ. Ці толькі праз тое, што адукацыя ЕГУ адпавядае еўрапейскім стандартам, а дыпломы прызнаюцца ўва ўсіх краінах Еўропы?

«Мне, здаецца, я тут больш атрымаю ведаў чым у Беларусі», – кажа адзін з абітурыентаў.

Іншы заўважае:

«Я шукаў універсітэты ў Еўропе і знайшоў гэты ўніверсітэт, дзе можна вучыцца па-расейску».

Яшчэ адна абітурыентка дзеліцца сваймі матывамі:

«Па-першае, я проста хачу зʼехаць з Беларусі. Па-другое, гэта гуманітарны ўніверсітэт, дзе вучаць крытычна думаць, даюць свабоду».

І колькі б ні казалі ўлады пра эканамічную стабільнасць у краіне, пакуль стабільным застаецца адзін факт – моладзь пакідае Беларусь. Для яе адукацыя за мяжою зʼяўляецца не толькі магчымасцю атрымаць сучасныя веды і стацца канкурэнтаздольнымі на глабальным рынку працы, але і «шляхам» з Беларусі.

Чытайце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu