Еўрапарламентарый: Апамятайцеся, што вы робіце! Самі для сябе капаеце яму


Пакуль беларускія чыноўнікі раздумваюць пра будаўніцтва яшчэ адной атамнай электрастанцыі да 2030 года, Літва абвяшчае байкот той, што яшчэ не пабудавалі, – гэтымі днямі еўрапарламентарыі абмяркоўваюць пагрозы, якія нясе Астравецкая АЭС і прымаюць канкрэтныя рашэнні. Настасся Храловіч.

Еўрапарламент прапаноўвае прыпыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС – пра гэта на сустрэчы ў літоўскім Сейме заявіў еўрадэпутат Эгідзіюс Варэйкіс. Беларускі бок не трымаецца патрабаванняў бяспекі, акрэсленых міжнароднымі канвенцыямі, таму гэткае будаўніцтва Брусель лічыць небяспечным. На думку еўрадэпутата Броніса Ропе, калі Беларусь возьмецца іх выконваць, будаўніцтва будзе вельмі дарагое, а кошт электраэнергіі, адпаведна, – надзвычай высокі.

Кажа Броніс Ропе, прадстаўнік Літвы ў Еўрапарламенце:

Вы апамятайцеся, што вы робіце: вы самі для сябе капаеце яму, бо вы не зможаце экспартаваць электраэнергію – і ўсё гэта ляжа на вашыя плечы. Бо мы не можам купляць небяспечнай электраэнергіі ды рызыкаваць людзьмі Беларусі, рызыкаваць людзьмі Еўразвязу.

Прэтэнзіі ў першую чаргу датычаць надзвычайных сітуацыяў, якія адбыліся летась на пляцоўцы будучай атамнай электрастанцыі – гэтак, корпус другога рэактара пры ўстаноўцы ўдарылі аб бетонны слуп, і хоць афіцыйна беларускі бок заяўляе, што ўсё ў парадку, эксперты з Канады і ЗША перасцерагаюць: пасля ўдару маглі зʼявіцца схаваныя дэфекты. Таксама Еўропу хвалюе дэфектны генератар і сам выбар пляцоўкі, якая месціцца ў сейсмічна небяспечным месцы. Напярэдадні літоўскі Сейм прыняў закон, які фактычна абараняе імпарт электраэнергіі з беларускай ды іншых небяспечных АЭС. Падтрымала Літву і Польшча, а менавіта ў дзве гэтыя краіны беларускі бок планаваў прадаваць лішкі электраэнергіі, што зʼявяцца пасля запуску электрастанцыі.

Каму Беларусь будзе прадаваць электраэнергію, калі суседзі ад яе ўжо адмовіліся? Падобная сітуацыя склалася чатыры гады таму з атамнай электрастанцыяй пад Калінінградам – калі Літва адмовілася купляць электраэнергію, будаўніцтва прыпынілі з-за яго эканамічнай невыгоднасці.

Улетку ў Беларусь прыедзе місія МАГАТЭ, каб ацаніць аварыйную гатовасць Астравецкай атамнай электрастанцыі. Першы энергаблок АЭС плануюць запусціць ужо праз два гады.

НХ, Белсат