Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі ды пагражае санкцыямі


Карціна святкавання Дня Волі ў Беларусі абляцела ўвесь свет. Сотні затрыманых, у тым ліку выпадковых людзей, пасля прыніжэнні, збіццё ды судовыя канвееры. А там штрафы і арышты. Не дапамагалі нават відэадоказы невінаватасці.

Падзеі 25-га сакавіка, а таксама рэпрэсіі да і пасля акцыі – усё гэта выклікала абурэнне на Захадзе.

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб Беларусі

У ёй патрабуе спыніць пераслед актывістаў і незалежных журналістаў. А таксама правесці расследаванне дзеянняў сілавікоў, якія літаральна выкрадалі людзей, а пасля ілжэсведчылі ў судах.

Вытрымка з рэзалюцыі Еўрапарламенту аб Беларусі з 06.04.2017:

«Нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці да стрыманасці рэакцыя службаў бяспекі Беларусі была невыбіральнай і празмернай. (…) Еўрапарламент асуджае абмежаванне свабоды мірных сходаў, перашкоды працы праваабаронцаў, вобшук у офісах тэлеканалу «Белсат».

Могуць увесці санкцыі

Калі Менск умовы не выканае, Еўрапарламент пагражае ўвядзеннем санкцыяў у дачыненні высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі, беспасярэдне адказных за рэпрэсіі. Гэткі заклік да ўладаў падтрымала і беларуская апазіцыя.

Тэма рэпрэсіяў у Беларусі гучала сёння і падчас міжнароднай сустрэчы ў Вільні

У сценах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту прысутнічалі прадстаўнікі еўрапейскіх фондаў, праваабаронцы, палітолагі, дэпутаты Сейму Літвы. На іхную думку, апошнія падзеі ў Беларусі ды цёплыя словы Лукашэнкі на адрас Крамля паказваюць, што з дзейнаю ўладай Беларусі немагчыма сур’ёзна дамаўляцца.

«Лукашэнка не гарант суверэннасці Беларусі. Ён проста прадае гэтую суверэннасць. Ён думае толькі пра тое, як выжыць 2-3 гады», – упэўнены дэпутат літоўскага Сейму Лаўрынас Касчунас.

Не чакаць ад Лукашэнкі зменаў, а ўжо сёння ўвесці санкцыі ды ўзмацніць падтрыманне незалежных медыяў і грамадскай супольнасці – такія заклікі гучалі сёння ў Еўрапарламенце. Але пакуль далі чарговы «апошні» шанец Менску на перамены.

Юрый Салодкі, «Белсат»