Еўрагульням-2019 пагражае байкот


Менш за год застаецца да Другіх Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску. І пакуль улады Беларусі рупліва рыхтуюцца да спаборніцтваў, у свеце ўжо з’яўляюцца першыя заявы пра байкот. Перадусім абумоўленыя яны ціскам на незалежныя медыі.

Не 50, а 49 краінаў Еўропы. Магчыма. Вялікае свята ўладаў Беларусі – другія Еўрапейскія гульні, якія ці то «Алімпіяда», ці то «чэмпіянат Еўропы», могуць апынуцца пад пагрозаю байкоту. Пакуль што – толькі з боку Нямеччыны.

«Мы не выключаем, што калі падзеі ў Беларусі будуць развівацца гэткім чынам, то Нямецкі Алімпійскі камітэт можа прыняць рашэнне аб байкоце Еўрапейскіх гульняў. Нас непакояць падзеі ў Беларусі, і мы ўважліва за імі сочым», – заявіў прэзідэнт нямецкага Алімпійскага камітэту Альфанс Гэрман.

Гаворка – пра ціск на незалежныя медыі, які асабліва ўзмацніўся апошнім часам. У межах гэтак званай справы БелТА затрымлівалі ў тым ліку і журналіста нямецкага выдання Deutsche welle Паўлюка Быкоўскага.

Між тым байкатаваць відовішчы, запланаваныя на ліпень наступнага года, збіраюцца не толькі за мяжою. Большасць апытаных намі менчукоў без імпэту ставяцца да імпрэзы.

Жыхары Менску:

«Якія гульні?! Нам не да іх увогуле, людзям жэрці няма чаго, прабачце, а вы пра гульні».

«Сам я асабіста не пайду на гэтыя гульні, але я лічу, што яны вельмі патрэбныя для нашай краіны, паколькі шматлікія замежныя турысты прыйдуць у нашую краіну».

«Гульні патрэбныя для папулярызацыі краіны».

«Калі ў адрыве ад палітыкі, то гульні – гэта заўжды добра. А як у комплексе? Не ведаю, не ведаю, ці дазваляе нам эканоміка краіны».

«Я думаю, што большасці простых людзей гэта не цікава, і ў іх іншыя праблемы».

Такія адказы, аднак, аніяк не вяжуцца са словамі кіраўніка краіны.

«Гэта будуць найлепшыя Алімпійскія еўрапейскія гульні, бо гэтай Алімпіядай будзе жыць увесь беларускі народ».

Паводле Лукашэнкі, «найлепшыя Еўрагульні ў гісторыі» будуць каштаваць каля 50 мільёнаў долараў. Для параўнання, папярэднія спаборніцтвы, тры гады таму ў азербайджанскім Баку, каштавалі не менш за мільярд долараў.

Для Лукашэнкі цяпер востра стаіць пытанне іміджу ды рэйтынгу.

«Хутчэй за ўсё, у наступным годзе, адразу пасля Еўрапейскіх гульняў, у нас адбудзецца якая-небудзь вялікая палітычная падзея. Гэта можа быць вялікая палітычная падзея – або прэзідэнцкая выбарчая кампанія, або рэферэндум. Улады вельмі разлічваюць іміджава зарабіць на гэтых Еўрапейскіх гульнях», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Але нельга адначасова і цешыцца лёгкімі перамогамі, і ціснуць на асноўныя свабоды, зазначае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў. А таму…

«Нямецкі Алімпійскі камітэт вырашыў, што называецца, загадзя ўдарыць па хворым месцы, ведаючы, што гэта зʼяўляецца слабым месцам, датклівай кропкай для Аляксандра Лукашэнкі. І папярэдзіць, што сапраўды, калі справа са свабодаю прэсы ў Беларусі будзе пагаршацца, то можа дайсці і да рэальнага байкоту», – кажа аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Ці пачуюць заходні мэсідж ініцыятары Еўрапейскіх гульняў, пакуль невядома. Але нават калі цікаўнасць да імпрэзы будзе мінімальнаю, улады заўжды могуць падлучыць правераны гадамі адміністрацыйны рэсурс.

Сцяпан Святлоў belsat.eu