«Еўрабачанне» едзе ў Ізраіль


Было гучна, спеўна і трэба было танчыць. Чацвёрты раз у гісторыі статуэтка пераможцы «Еўрабачання» едзе ў Ізраіль. Нэта Барзілаі зрабілася сапраўднаю нацыянальнаю гераіняй. А ейныя фанаты шалелі ад радасці ды гулялі ўсю ноч. А вось беларускае журы не далі ізраільскай спявачцы ніводнага пункту. Зусім па-іншаму галасавалі гледачы.

Гэтак гучыць песня «Цацка» пераможцы «Еўрабачання-2018» Нэты Барзілаі.

Фанаты «Еўрабачання» кажуць:

«Мы такія ўзрушаныя, такія шчаслівыя прымаць усіх у Ізраілі налета, увесь свет. І паказаць, што мы краіна міру. Мы можам весяліцца і рабіць музыку, ствараць мір і каханне».

«Яна гэта зрабіла, яна цудоўная, яна добры пасыл. Шырокай дарогі, Нэта».

Па ўсім свеце «Еўрабачанне» глядзелі больш за дзвесце мільёнаў чалавек. Найбольшыя жарсці палалі падчас галасавання.

Паводле прафесійнага журы з розных краінаў, перамагала Аўстрыя. Аднак галасы гледачоў усё змянілі. Аўстрыя апынулася на трэцім месцы. Элэні з Кіпру на другім. А Нэта перамагла, набраўшы 529 балаў.

І гэта быў той момант, калі публіка літаральна ашалела.

«Кожны паказаў цудоўнае шоу ўначы, уключаючы Элэні. Але нехта павінен перамагчы», – заявіла Нэта Барзілаі.

І перамог Ізраіль. Ужо чацвёрты раз у гісторыі конкурсу (1978, 1979, 1998, 2018). А вось беларускае журы не дало ім ніводнага балу. Таксама ноль – для Украіны. 12 балаў пайшло для Кіпру.

Цікава, што ў паўфінале Кіпр ад беларускага журы не атрымаў балаў увогуле.

Зусім інакш галасавалі беларускія гледачы. Дванаццаць для Украіны. Нарвежцу беларускага паходжання Аляксандру Рыбаку – 10. Ізраілю толькі 8. А вось Кіпру – усяго 3.

Не абышлося і без скандалаў. Фанат выбег на сцэну ў часе выступу брытанскае спявачкі СузЭны Мары Корк і выхапіў мікрафон.

Але выступ паспяхова працягваўся.

Не змаглі паглядзець фіналу кітайскія гледачы. За цэнзураванне першага паўфіналу Еўрапейскі вяшчальны звяз адмовіў Кітаю ў праве трансляцыі.

Ізраільскія фанаты, ды і не толькі, святкавалі да самае раніцы. Ёсць што: свята музыкі праз год прыедзе ў Ізраіль. Прэм’ер Нэтаньягу нават жартуе і добрай раніцы па-англійску кажа не «good morning», а «toy morning», прывязваючы да назвы песні.

«Падарунак, што «Еўрабачанне» налета прыедзе ў Іерусалім, мы будзем вельмі ганарыцца прымаць конкурс», – заявіў Нэтаньягу.

Іерусалім – месца, якое ўжо выклікае палітычныя пытанні ды пытанні бяспекі. Але пакуль што галоўнае – перамога і пераможца Нэта Барзілаі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Фото – Vyacheslav Prokofyev/TASS