Эпідэмія ВІЧ у Беларусі. Прычына – расейскія наркотыкі і прастытуткі


Адзін, а часцей нават два жыхары сталіцы штодня даведваюцца аб страшным дыягназе – ВІЧ-інфікаваны. Сёлета за 8 месяцаў выявілі 428 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Гэта не больш, чым летась, але ўтрая болей, чым 3 гады таму. У 2015 адбыўся ўсплёск захворвальнасці, якога дагэтуль не ўдалося пагасіць.

Ні тады, ні цяпер улады не б’юць у званы.

Усплёск эпідэміі, як лічаць адмыслоўцы, выкліканы быў перадусім унутрыжыльным спажываннем новых сінтэтычных наркотыкаў. Калі раней наркатычна залежны чалавек патрабаваў адну-дзве ін’екцыі на дзень, то сінтэтычных трэба значна болей, што і павялічыла рызыку перадачы інфекцыі сярод наркаманаў, а праз іх – іншым людзям.

«Ёсць заўсёды жонкі, палавыя партнёры, якія з’яўляюцца мосцікам выхаду эпідэміі ў больш шырокія колы насельніцтва», – тлумачыць Ірына Статкевіч, старшыня арганізацыі «Пазітыўны рух».

Бяда з Расеі

Новыя сінтэтычныя наркотыкі, як паведамляюць у Міністэрстве ўнутраных справаў, трапляюць да нас перадусім з суседняй Расеі. Адтуль хвароба прыходзіць і непасрэдна. Колькасць афіцыйна зарэгістраваных ВІЧ-інфікаваных у Расеі ўжо больш за 1 мільён чалавек.

«Ёсць выпадкі, калі людзі з’язджаюць у заробкі, напрыклад, у Расейскую Федэрацыю, там яны працуюць, вяртаюцца назад у Беларусь, а пасля ў сям’і выяўляецца ВІЧ-інфекцыя», – распавядае спадарыня Статкевіч.

Калі ў папярэднія гады ў Беларусі найчасцей смяротная інфекцыя перадавалася праз нестэрыльныя шпрыцы, то сёлета ў трох з чатырох выпадкаў – палавым шляхам.

Немагчыма вылечыцца, але можна засцерагчыся

Міжнародны глабальны фонд дзесяцігоддзямі выдаткоўвае велізарныя сумы на прафілактыку ВІЧ. Але некалькі гадоў таму Расея страціла гэтае фінансавае падтрыманне і ў выніку стала краінаю з найбуйнейшай эпідэміяй ВІЧ.

Крытычна выглядае і сітуацыя ў нас. Бо Беларусь мае гарантаванае фінансавае падтрыманне ад Глабальнага Фонду толькі да канца гэтага года.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: tropagor.ru