Элітны гатэль у цэнтры Берасця разбурае суседнія дамы


У самым сэрцы старога Берасця на вуліцы Савецкай завяршаецца будова чатырохзоркавага гатэлю. Будаўнічая пляцоўка гэтага абʼекту нарабіла галаўнога болю не аднаму жыхару гораду, ды ўжо не першы раз патрапіла ў абʼектывы медыяў.

Скразнымі шчылінамі, то бок такімі, што бачныя і звонку, і ўнутры будынку, пачалі пакрывацца два вялікія жылыя дамы № 21 ды 19 на вуліцы Маякоўскага, што ў Берасці.

Улады Берасця доўгі час хавалі факт аварыйнага стану дамоў

Гэта небяспечная сітуацыя. У такіх выпадках за домам мае пачацца адмысловае назіранне, весці якое мусяць спецыяльныя арганізацыі. Трэба высвятляць прычыну паўстання аварыйнае сітуацыі ды прыняць захады для яе ліквідацыі. Але ўлады пакуль нічога не робяць, як і ў выпадку іншага будынку.

«Улады Берасця доўгі час хавалі факт аварыйнае небяспеку жылога дому на вуліцы Савецкай № 41. Ён стаўся аварыйна-небяспечным бо побач будавалі будынак гатэлю з парушэннямі будаўнічых нормаў і правілаў. Цяпер жа калі гатэль амаль дабудавалі, праблему прызналі. Але дом настолькі разбураны, што прызнаны нягодным для жытла і стварае небяспеку жыццям і бяспецы жыхароў», – распавядае юрыст Фёдар Петрусевіч.

Дамы на Маякоўскага – суседзі непрыдатнага больш для жыцця будынку на Савецкай 41, жыхароў якога нават адсялялі ў іншыя месцы. Яны пазначаныя жоўтым колерам, будаўнічая пляцоўка – блакітным. Эксперт лічыць, што калі праблему пакінуць без належнай увагі, то абодва будынкі чакае той самы лёс.

«Наступствы будуць непрадказальныя, то бок гэтыя дамы могуць нават цалкам разбурыцца, іх нельга будзе аднавіць», – тлумачыць Фёдар Петрусевіч.

У дзяцей адабралі пляцоўку

Але і гэта не ўсё. Без дыскусіі ці нейкіх слуханняў, рашэннем гарвыканкаму, гатэлю аддалі 5 сотак дваравой тэрыторыі, якая прылягае да будынкаў, забраўшы надзею пабудаваць дзіцячую пляцоўку. Ёсць і прыклады іншых юрыдычных дзівосаў. Што ж гэта за гатэль такі, што ўлады гатовыя заплюшчваць вочы на ўсё, што тут адбываецца?

«Вася «засталбіў» сабе месца яшчэ на пачатку 2000-х»

«Я мяркую, я нешта ведаю, нешта чуў аб тым што рукі растуць з Масквы, – кажа жыхар аднаго з дамоў. – Гэта былы губернатар Брэсцкае вобласці [Васіль Далгалёў. – Заўв. «Белсат»]. Вася «засталбіў» тут сабе месца яшчэ на пачатку 2000-х гадоў».

А без умяшання ўладаў не магчыма вырашыць развязаць з пытанняў. Хто возьме сітуацыю пад кантроль? Хто нясе адказнасць за паўсталыя шкоды і, галоўнае, хто заплоціць за рамонт?

Ігар Кулей, «Белсат»