Эксперты пра парушэнні на БелаАЭС: Гэта гульня з агнём


Пабудову Астравецкай АЭС дзяржаўная прэса ад самага пачатку прадстаўляла, як крок да энергетычнай незалежнасці. Вось пабудуем два рэактары, падключым ЛЭП, і будзем практычна бясплатна лямпачкі ўключаць дый суседзям электрычнасць прадаваць.

Некаторыя паверылі

«Можна замяніць дарагі газ. Я жыву на лецішчы, там цяжка. Газ дарагі. Можа, электрапліту пастаўлю».

«У наш час ёсць столькі новых тэхналогіяў вырабу электраэнергіі, вельмі шмат альтэрнатыўных крыніц».

«Ёсць свае плюсы ў атамнай энергіі, але мінусаў і небяспекаў значна больш, таму я лічу, што нашай краіне, якая праходзіла праз гэта адзін раз, другі раз праходзіць не варта».

«Трэба танная электрычнасць. Нельга вечна залежыць ад Расеі».

– выказаліся жыхары Менску.

Што праўда, Беларускую АЭС узводзяць расейцы, за расейскі крэдыт, каб потым прадаваць Беларусі расейскае ядравае паліва. Лукашэнка не супраць, яму важна, што будуюць танна.

Заўвагаў адносна будаўніцтва АЭС шмат

Першая місія Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі – МАГАТЭ – адзначыла адсутнасць належнага кантролю за якасцю будаўніцтва. Беларускія Дзяржатамнагляд і Дзяржбуднагляд занадта залежаць ад палітычнага кіраўніцтва краіны, каб не дапускаць парушэнняў.

«Рэактарны будынак першага энергаблоку пачалі будаваць у адсутнасць архітэктурнага праекту, за год да ягонага зʼяўлення. Пры гэтым нам казалі, што гэта не будаўніцтва, а падрыхтоўка да будаўніцтва. Бетанаванне катлавану ў іх было не будаўніцтвам», – узгадвае Таццяна Новікавага, з арганізацыі «Экадом».

А там пайшло-паехала

І канструкцыі абвальваліся з-за няякаснага бетону, і людзі на будоўлі гінулі. Працы найвышэйшага ўзроўню бяспекі выконваюць беларускія падрадчыкі без 1-га ўзроўню кваліфікацыі. Сам рэактар – з парушэннямі – вырабіла расейская кампанія «Валгадонскатаммаш», якая да гэтага не рабіла атамных рэактараў увогуле. Падчас выгрузкі корпус 1-га рэактара ўпаў з некалькіх метраў вышыні – толькі пасля гучнай рэакцыі грамадства яго замянілі. А прывезены на змену корпус ударылі кажухом аб слуп ля чыгункі – і ўсталявалі на станцыі.

Гэта гульня з агнём, кажуць эксперты

«Калі рэактар запушчаны, калі паліва загружанае і апрамененае, то мы не можам потым спыніць рэактар, ён становіцца высокарадыеактыўным», – тлумачыць спадарыня Новікава.

Падрабязнае журналісцкае расследаванне парушэнняў на Астравецкай АЭС можна знайсці на старонцы Belsat.eu, у праграме «Давайце разбірацца».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Peter Kovalev / TASS / Forum