Эксперт пра выракі ашмянскім мытнікам: вінаваты ці не, нікога не цікавіла


«Я патрабую прынцыпова разабрацца ў межах крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага датычны. Страты, якія панесла краіна, мусяць быць кампенсаваныя не проста ў поўным памеры, а трох-пяцікратным памеры – як гэта ў нас звычайна прынята», – казаў пра справу мытнікаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэткі загад кіраўнік Беларусі аддаў у красавіку 2015-га

Сёлета – загад амаль выкананы. У Партызанскім судзе сталіцы абвесцілі чарговыя прысуды ў гучнай справе ашмянскіх мытнікаў. Вырак – ад пяці да адзінаццаці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

«Я схільны давяраць следчаму камітэту – ясная справа, што гэты хабар атрымліваўся. І атрымліваўся шмат якімі людзьмі. Але справа ў тым, што ў далейшым з гэтых некалькіх людзей пачала стварацца вялікая група для паказальнага працэсу. І пачалі, як у топку, закідваць усіх астатніх – вінаваты ён ці не, ужо нікога не цікавіла», – зазначыў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Два гады таму КДБ затрымаў 58 працаўнікоў пункту пропуску «Каменны Лог»

З восені мінулага года распачаліся працэсы ў Менскім абласным судзе, у судах Фрунзенскага, Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў сталіцы.

Сёння прысуды пачулі адзінаццаць абвінавачаных паводле крымінальнага артыкулу «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». Сярод іх вядомы краязнаўца і грамадскі дзеяч з Астравеччыны Алесь Юркойць, які сярод яшчэ чатырох фігурантаў не прызнаў сваёй віны.

«На Юркойця, па факце, ёсць толькі паказанні аднаго з ягоных калег, якога таксама там судзяць. Толькі гэта. І тое – гэты калега сказаў у судзе, што «я дапускаю, што я яму перадаваў грошы». І за гэта чалавека садзяць на сем гадоў. З вялізнай сумай кампенсацыі», – сведчыць Сяргей Дубавец, журналіст, які назіраў за працэсам.

Вялікія хабары, вялікія наступствы

Паводле версіі следства, працаўнікі Ашмянскай мытні бралі хабар за беспраблемны праезд праз мяжу фураў з кветкамі. Мяркуецца, што за пяць гадоў яны атрымалі такім чынам каля $ 900 тыс.

Сам жа пункт пропуску «Каменны Лог» спыніць працу першага кастрычніка. Паводле кіраўніка Мытнага камітэту, сярод іншага, каб «увесь асабісты склад вынес вельмі сурʼёзныя ўрокі з шэрагу справаў».

Лола Бурыева, «Белсат», фота: STR / Reuters / Forum