Эксперт пра расейскую паліцыю: «Ідзе ўкід з Расеі, каб паказаць, што яны тут гаспадары»


Як бы еўрапейскія гульні не сталіся дыктатарскімі еўразійскімі? Чым бліжэй да падзеі за бюджэтныя 50 млн долараў, тым больш іміджавых стратаў у выніковай скарбонцы Беларусі. Сваіх і так найбольш у свеце ў пераліку на колькасць грамадзянаў, але яшчэ і расейскіх паліцэйскіх запросім ахоўваць правапарадак.

Еўрагульні праз 9 месяцаў. Асноўныя арэны гатовыя, гатэлі пустуюць яшчэ з часоў хакейнага чэмпіянату свету, валанцёры поўныя чакання гасцей. Валанцёрка Еўрапейскіх гульняў 2019:

«Каб дапамагчы замежнікам тут адзначыць такое свята».

Але на роўным месцы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч правакуе дыскусію ў грамадстве. На агульнай калегіі з расейскімі сілавікамі ў Наваполацку, беларускі міністр заявіў аб удзеле расейскіх паліцыянтаў у забеспячэнні правапарадку ў Менску падчас Еўрагульняў. Сказаў і не патлумачыў – на якой прававой аснове і дзеля чаго? Алег Гулак, Беларускі Хельсінкскі камітэт:

«Тут пытанне паўстае – з якімі паўнамоцтвамі? Ці могуць паліцыянты тут кагосьці затрымліваць, абмяжоўваць чыесьці правы… І, канечне, беларускае заканадаўства гэтага не дазваляе».

Імаверна міністр меў на ўвазе кансультацыйную і назіральную місію замежных паліцыянтаў на нашай тэрыторыі – ламаюць галаву эксперты. Такое бывае на буйных міжнародных спаборніцтвах. Але тады рэзоннае пытанне: чаму толькі расейцы? Жыхары Менску:

«Так як летам прайшоў Чэмпянат свету па футболу, то расейскія праваахоўнікі маюць вопыт такі, таму ён будзе карысным».

«У нас і так шмат міліцыі, і калі іх звозяць на нейкія мерапрыемствы, то неяк па сабе».

Пакуль яшчэ да гульняў, то не па сабе грамадскасці ўнутранай і дыпламатам заходніх краін ад цэлага шэрагу далікатна кажучы нееўрапейскіх дзеянняў беларускіх сілавікоў. Гэта і адкрытая гамафобская афіцыйная пазіцыя ведамства Шуневіча ў траўні, а таксама так званая справа «Белты», якую нават асцярожныя ў ацэнках эксперты «менскага дыялогу» прызналі сёння самай негатыўнай за апошні час у дачыненнях з Брусэлям. Ну і вішанька на торце – цікава, ці ведаюць турысты з умоўнай Чэхіі, што каб у інтэрнэце пракаментаваць Еўрагульні, ім давядзецца прайсці рэгістрацыю як у самай закрытай правінцыі Кітая? Алег Волчак, былы следчы:

«Ідзе нейкі ўкід, пэўна, з Расеі, каб паказаць, што Беларусь усё-ткі ў саюзнай дзяржаве, каб паказаць, што гаспадары тут часткова Расея».

Гэта будуць толькі другія ў гісторыі Еўрапейскія гульні. Увага свету да іх у разы меншая чым да Алімпіяды, і пра гэта сведчыць той факт, што толькі 2 кампаніі – партугальская і расейскі МАТЧ ТВ атрымалі ліцэнзію на тэлевізійную трансляцыю гэтай падзеі. Але спартовы статус унушае прэстыж: больш за 4 тысячы атлетаў з 40 краін. У 10 відах спорту будуць разыграныя пуцёўкі на алімпійскія гульні ў Токіа, а ў 4-х – тытул чэмпіёна Еўропы.

У кантэксце ўкраінскіх і сірыйскіх падзей, справы Скрыпаля імідж расейскіх сілавікоў на Захадзе адназначна не ўнушае даверу, а тым больш не дадае пазітыўных чаканняў з боку турыстаў ад нашай краіны. А таму словы Шуневіча – ці фармальны прагіб перад расейскімі калегамі, ці ён свядома прымярае на сябе чарговую форму – паліцэйскага, толькі таго, кепскага.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: REUTERS / Sergei Karpukhin / FORUM