Аб'ектыў 30.03.2017 Эксперт пра газавы канфлікт: Масква хоча самыя смачныя актывы Беларусі


Актывізацыя на ўсходнім фронце. Прэм’ер-міністры Беларусі ды Расеі абмеркавалі сёння ў Маскве шэраг пытанняў, у тым ліку – нафтагазавае. Сустрэча папярэднічала анансаваным на панядзелак перамовам кіраўнікоў краінаў.

Між тым, амбасадар Расеі ў Менску агучыў новыя пажаданні Масквы. Ці падышлі бакі да развязання нафтагазавай спрэчкі, ці гэта проста добрая міна перад перад гэтак званым Днём яднання народаў Беларусі і Расеі?

На жаль, не дамовіліся

Гэтак расейскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак падсумаваў сённяшнія перамовы ў нафтагазавым пытанні ў Маскве паміж прэм’ер-міністрамі Беларусі ды Расеі Андрэем Кабяковым і Дзмітрыем Мядзведзевым.

Ужо на пачатку перамоваў з Кабяковым мядзведзеў папярэдзіў журналістаў, што яны будуць кароткія. Так і адбылося. Зрэшты, расейскія аргументы былі агучаныя яшчэ тры тыдні таму, у Бішкеку.

«Калі б некаторыя краіны, якія тут прысутнічаюць, не ўваходзілі ў склад нашага Саюзу ці, уявім сабе, выйшлі са складу Саюзу, яны б куплялі цяпер газ паводле еўрапейскіх коштаў – каля $ 200 за 1 тыс. м³. Вось і ўсё», – распавёў Дзмітрый Мядзведзеў.

Што не падзялілі?

Беларусь цяпер плоціць за газ на 20 % менш, чымся астатнія краіны па-за СНД, але ўдвая больш, чымся расейскія гуртавыя спажыўцы. У 2014 годзе Расея і Беларусь падпісалі міжурадавае пагадненне, згодна з якім дзве краіны мелі плаціць роўнадаходную цану на газ. Але пазней, у межах дамовы аб ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка, наўзамен дадатковым нафтавым датацыям, пагадзіўся пачакаць адзінага рынку газу да 2025 года.

«Расейскі бок настойвае на тым, што дамова аб стварэнні ЕАЭС знаходзіцца вышэй, чым вось гэтае міжурадавае пагадненне, бо дамова аб ЕАЭС з’яўляецца міжнародным пагадненнем», – тлумачыць палітычны аналітык Арсень Сівіцкі.

З пачатку мінулага года Беларусь, апелюючы да старога – міжурадавага пагаднення, аплочвала блакітнае паліва паводле коштаў, меншых, чымся выстаўляў Газпром. У выніку, як паведаміў сёння міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак, запазычанасць за газ дасягнула ўжо $ 700 млн.

Расейцы хочуць прыватызаваць беларускія актывы

Расея ўсё больш скарачае пастаўкі ў Беларусь нафты. Расея не адмаўляецца даць Беларусі газавую зніжку і цяпер. Але пры такіх умовах, на якія Менск не гатовы пагадзіцца.

«Тое, што хоча Масква ўсур’ёз, гэта прыватызацыі беларускіх актываў, якія яшчэ засталіся смачнымі. Гэта – НПЗ, гэта – нейкія, магчыма збройныя прадпрыемствы, МЗКТ, але Лукашэнка ня хоча іх аддаваць, менавіта таму, што яны – прыбытковыя. Таму тут – вельмі маленькае поле для кампрамісу», – падкрэсліў палітычны эксперт Арцём Шрайбман.

Дадатковыя ўмовы зніжкі на газ агучыў амбасадар Расеі

Аляксандр Сурыкаў прапанаваў рэанімаваць інтэграцыйныя працэсы ў межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы і нагадаў пра так і не падпісаны Канстытуцыйны акт.

Гэтая ўмова яшчэ менш прымальныя для Менску, чым раней агучаныя – аб расейскай вайсковай базе ў Беларусі ці продажы прадпрыемстваў ваенпраму. Таму развязання нафтагазавай спрэчкі наўрад ці трэба чакаць і ад сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у панядзелак.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары