Эканоміку чакае дэвальвацыя альбо дэфолт


$ 4 500 вінен цяпер кожны працоўны беларус па пазыках, якія за яго зрабіла дзяржава. З гэтых грошай кожны з нас плоціць штогод па $ 200 адных толькі адсоткаў.

За апошнія 12 месяцаў дзяржаўны доўг павялічыўся на чарговыя $ 2 млрд і дасягнуў 40 % ад валавога ўнутранага прадукту. А з улікам пазык дзяржаўных прадпрыемстваў, якія гарантуе ўрад, сума ў паўтара разу большая.

«Агулам гэты доўг наблізіўся да 60 % ад ВУП. Пытанне ў тым, што гэты доўг – даволі дарагі», – кажа Аляксандр Чубрык з даследчага цэнтру ІПМ.

Развітыя краіны закрэдытаваныя значна больш

Але калі Нямеччыне ці Злучаным Штатам крэдыторы самыя даплачваюць за захаванне іх грошай, то нашая краіна траціць кожны дзясяты бюджэтны рубель на выплату адных толькі адсоткаў па набраных крэдытах.

Раней у верасні кіраўнік менскага офісу Сусветнага банку заявіў, што пры такім дарагім доўгу здольнасць нашае краіны залучаць новыя пазыкі пачынае выклікаць сумневы.

«Проста ў пэўны момант краіна можа скончыць тым, штё ня здолее плаціць па пазыках», – тлумачыць спадар Чубрык.

Як сітуацыя з пазыкаю адабʼецца на беларусах найбліжэйшым часам?

Адмыслоўцы прагназуюць два сцэнары. Першы – што ўрад паспрабуе аддаваць частку доўгу ўласнымі сіламі, а не перапазычаць, як дасюль. У доўгатэрміновай перспектыве гэта добра, але налета можа спрычыніць пэўную дэвальвацыю і, як вынік, рост коштаў.

«Попыт на валюту, у тым ліку, для ажыццяўлення плацяжоў па замежным доўгу, будзе заставацца на адносна высокім узроўні. Такім чынам, за кошт змены попыту і прапановы, можа здарыцца пэўнае аслабленне курсу беларускага рубля ў дачыненні да асноўных замежных валютаў», – упэўнены Аляксандр Муха, аналітык businessforecast.by.

У выпадку другога сцэнара, калі ўлады пастановяць працягваць набіраць крэдыты, каб падганяць эканамічны рост, ілюзія паляпшэння налета застанецца. Але гэта будзе азначаць, што цягам некалькіх гадоў нашая краіна апынецца перад пагрозаю дэфолту з яго катастрафічнымі наступствамі для эканомікі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»