Эканоміка – у падзенні, а долар не расце. Як так?


Свіная халера. Нядобрасумленнасць партнёраў па калійным бізнесе. Сусветны эканамічны крызіс. Вайна і санкцыі. Інтрыгі расейскіх лабістаў. Кожны год – новая абʼектыўная і часовая прычына, чаму падае замежны гандаль нашай краіны. Між тым, як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, падзенне доўжыцца ўжо шэсць гадоў запар.

Летась такой абʼектыўнаю прычынаю было падзенне коштаў на нафту і калій, а таксама працяг рэцэсіі ў Расеі, куды ідзе пераважная большасць астатняга экспарту нашай краіны. У выніку – валютныя паступленні ў Беларусь скараціліся на чарговыя 10 %.

«Скарачэнне гэнай валютнай угандлёўкі, яно цягне за сабой потым наступствы – скарачэнне інвестыцый. А скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал цягне адставанне вытворчасці ад канкурэнтаў і мы можам патрапіць у такі вір», – зазначае эканаміст Міхал Залескі.

Раней падзенне замежных даходаў прыводзіла да дэвальвацыі

Але цяпер беларускі рубель, наадварот, ужо год як стабільна ўмацоўваецца. Адмыслоўцы кажуць, адно з тлумачэнняў гэтаму – аслабленне долара да ўсіх замежных валютаў. Але галоўнае – выпадзенне замежных даходаў на валютным рынку кампенсуецца паступленнямі валюты ад насельніцтва, якое ў сітуацыі ўсё меншых заробкаў паступова праядае свае валютныя ашчаджэнні, назапашаныя ў больш спрыяльныя гады.

Апрача таго, улады працягваюць набіраць крэдыты

Замежная запазычанасць летась павялічылася больш як $ 1 млрд. А золатавалютныя рэзервы, хоць і выраслі, але складаюцца спрэс з кароткатэрміновых пазык. Як паведамляе Нацбанк, сума, якую краіна выдаткуе са свайго золатавалютнага запасу цягам бліжэйшага года, на 20 % перавышае гэты золатавалютны запас з улікам усіх запланаваных паступленняў. Раней у гэтым месяцы рэйтынгавае агенцтва «Фітч» канстатавала, што крохкую фінансавую стабільнасць у Беларусі можа парушыць найменшы перабой у замежных крэдытах.

Апошнія два месяцы беларускі рубель умацоўваецца, але апытаныя намі адмыслоўцы валютнага рынку сыходзяцца на тым, што да канца года ён ізноў пачне слабець. Розняцца прагнозы адносна тэмпаў дэвальвацыі. Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб разлічвае на тое, што насельніцтва працягне выдаткоўваць больш, чым зарабляе, і таму па выніках года прадказвае павольнае аслабленне нацыянальнай валюты. Іншыя адзначаюць, што спробы ўладаў перапазычыць сёлета грошы на выплату ранейшых замежных даўгоў пакуль не прыносяць поспеху, таму не выключаюць рэзкіх віткоў дэвальвацыі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: ava.md