Аб'ектыў 15.12.2017 Эканоміка Беларусі вырасла, а заробкі не. Чаму?


Вышэй за прагнозы айчынных і замежных экспертаў. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас за студзень–лістапад у параўнанні з адпаведным леташнім паказнікам больш як на 2 % – да амаль Br 97,5 млрд. Пра гэта паведамляе Белстат.

«Сёлетні рост ВУП тлумачыцца надзвычай спрыяльнымі замежнымі ўмовамі, нашмат больш спрыяльнымі, чым гэта чакалася. Гэта тычыцца кошту нафты. Ён надзвычай стабільны і надзвычай высокі. Гэта мае для Беларусі два эфекты. Першае – гэта тое, што мы атрымліваем большы прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Другое – значна мацней расце расейскі рынак і, адпаведна, нашыя продажы туды», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Летась і ў пазамінулым годзе эканоміка паказала адмоўную дынаміку

– 2,5 % і амаль 4 % адпаведна. На пачатку года Міжнародны валютны фонд прагназаваў на сёлета зніжэнне ВУП на 0,5 %, Сусветны банк – на 1 %. Аднак ужо ў сакавіку крывая пайшла ўверх. Гэткая тэндэнцыя захавалася да сёння. Аднак ці адчувальнае паляпшэнне ў паўсядзённым жыцці беларусаў?

«Заробкі не выраслі, а кошты падраслі, я думаю, гэта добры паказнік таго, што не стала лепш, дакладна».

«Нават горш стала. Кошты падвышаюцца, а пенсія – што там на 5 % павысілі – 20 рублёў».

«Я часам выязджаю ў Польшчу і бачу вялікую розніцу паміж заробкамі там і коштамі ў крамах і ў нас. Разы ў паўтары-два таней, а заробкі ўдвая вышэй там».

«Я ўсё жыццё пражыла ў Беларусі, усё жыццё плаціла падаткі, але, калі я распавядаю, якую я тут маю прафесарскую пенсію… Гэта жудасна, канешне».

– ацэньваюць поспехі айчыннай эканомікі апытаныя намі жыхары Менску.

Песімізм падмацоўвае і глабальная статыстыка

На сёлета прагноз эканамічнага росту групы краінаў, якія развіваюцца, да якой належыць і Беларусь, – 4 % То бок нашая краіна нават з найлепшым за апошнія шэсць гадоў паказнікам ВУП застаецца сярод аўтсайдараў.

«Улады пазбягаюць правядзення структурных рэформаў, датычных буйнога сектару дзяржэканомікі. Аддача ад інавацыйнага беларуска-кітайскага парку Вялікі камень таксама зусім не такая, як чакалася. То бок, можна казаць, што адставанне нават ад суседніх краінаў як мінімум будзе захоўвацца. А, калі верыць прагнозам МВФ, мы будзем адставаць ад Польшчы, Літвы, Расеі ўсё больш», – упэўнены Павел Кіркоўскі, эканамічны аглядальнік “Belarus Secutiry Blog”.

На будучы год урад запланаваў перакрочыць планку ў + 3,4 %. Напачатку кастрычніка міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Standard and Poor’s» спрагназавала да 2020-га года верагодны рост нашае эканомікі на 2 % штогод. Падставамі для аптымізму стала паляпшэнне стасункаў з галоўнымі партнёрамі – Еўразвязам і Расеяй. Праўда, без структурных рэформаў чакаць больш высокіх тэмпаў росту не выпадае, згаджаюцца эксперты.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Viktor Drachev/TASS

Глядзі таксама
Каментары