Эканамісты папярэджваюць: навагоднія прэміі скончацца – і заробкі зноўку абваляцца


Рукі, як вядома, да сябе згібаюцца. Паднялі заробкі сабе, а цяпер падумалі і пра астатніх. У Беларусі мясцовыя адміністрацыі накіравалі на прадпрыемствы лісты пра тое, колькі ў сярэднім павінны зарабляць беларусы. Эканамісты ж, у сваю чаргу, папярэджваюць: навагоднія прэміі скончацца – і заробкі зноўку абваляцца.

Увесь 17-ы год так ці інакш Аляксандр Лукашэнка вяртаўся да тэмы сярэдняга заробку ў краіне памерам 1000 беларускіх рублёў або 500 долараў.

Да канца года ўрад адсправаздачыўся. Як звычайна, з агаворкамі, што павысілі не ўсім і ненадоўга, але хоць нехта ў снежні абяцанае кіраўніком Беларусі ўбачыць, заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ў эфіры тэлеканалу АНТ.

«Задачу якую паставілі, сярэдні заробак у 1000 рублёў, у снежні забяспечым. У прамысловасці. Гэта не азначае, што ўсе атрымаюць 1000 гэтых рублёў, але вынік мае быць такім», – сказаў Сямашка.

Журналісты агенцтва «БелаПАН» знайшлі дакумент, які адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску разаслала кіраўніцтву сталічных прадпрыемстваў. Там гаворыцца, што ў Цэнтральным раёне сталіцы сярэдні заробак у снежні павінен скласці 1499,3 рублёў. Забяспечыць такую дакладнасць чыноўнікі прапаноўваюць за кошт пераднавагодніх прэміяў.

«Калі будуць выдаваць крэдыты для таго, каб павысіць зарплаты, то гэта апусціць прадпрыемства ў яшчэ большую даўгавую яму, калі гэта будуць проста маніпуляцыі, ну, могуць потым пасадзіць бухгалтара або дырэктара. Калі кагосьці звольняць, каб падняць сярэдні заробак, добра, тады будзе аптымізацыя рабочай сілы, але вырасце колькасць беспрацоўных», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Год таму сярэдні заробак у Беларусі ледзь перавысіў 800 рублёў, цяпер з усіх сілаў урад ідзе да 1000. Пры гэтым за год гаспадарка ледзь выбралася з рэцэсіі, а рост ВУП крыху перавысіў 1,5 %, аднак сярэдні заробак плануецца павысіць амаль на 25 %.

«Цяпер эканоміка знаходзіцца ў такой сітуацыі, што яна не вытрымае сурʼёзнага росту заробкаў. І ўсё выдатна разумеюць, што калі задача пастаўлена, трэба даць справаздачу, а на самай справе, ніхто ўсурʼёз ростам зарплаты замарочвацца не будзе», – кажа Аляксандр Ярашук з Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Калі паглядзець больш уважліва, то разбежка ў заробках у Беларусі вялізная. Спецыялісты IT даўно перакрочылі мяжу тысячы долараў, бюджэтнікі зарабляюць не больш за 300 долараў, у сферы абслугоўвання яшчэ менш, да 400 рублёў ці 200 долараў.

«Улічваючы, што ў нас і так па краіне нават за 500 рублёў стала складана знайсці зарплату, 500-1000 самы аптымальны заробак».

«Усё роўна застануцца прафесіі, каму не падымуць, «санітарачкі», напрыклад, проста не застанецца людзей, якія будуць там працаваць, а яны патрэбныя. Тут бязвыхаднае становішча, кожнаму, напэўна, трэба шукаць дадатковы заробак».

«За 500 долараў пагадзілася б (працаваць) на дзяржпрадпрыемстве», – кажуць менчукі.

Нягледзячы на ўсе навагоднія бонусы, беларусаў пасля 31 снежня чакае чарговае расчараванне, кажуць эканамісты. Традыцыйна студзеньскія заробкі ніжэйшыя, чымся ў снежні, і не факт, што лісты з раённых адміністрацыяў дапамогуць у новым годзе.

АН belsat.eu