Эканаміст: рэальны сярэдні заробак па краіне – $ 200


Заробкі ў краіне працягваюць падаць, нягледзячы на запэўніванні на найвышэйшым узроўні, што сёлета мы выйдзем на Br 1000 сярэдняга заробку. Паводле Белстату, за першы квартал гэтага года сярэдні заробак па краіне склаў Br 737. У параўнанні з апошнім кварталам мінулага года – -1,2 %. У Берасці нават павесілі банер з пытаннем: «Дзе абяцаныя 500 долараў?».

«Кіраўнікі прадпрыемстваў апынуліся ў пастцы: яны павінныя павысіць заробкі, адначасова не падвышаючы коштаў, не скарачаючы працаўнікоў, знайсці спосаб як гэта зрабіць яны не ў стане. Таму ўзнікае такая чалавечая рэакцыя – скласці рукі і заплюшчыць вочы, і нічога не рабіць», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Падзенне заробкаў назіраецца ў сталіцы

У красавіку менчукі ў сярэднім зараблялі Br 1103 рублі, у параўнанні з сакавіком – Br -14 рублёў. Па-ранейшаму самыя высокія прыбыткі атрымліваюць працаўнікі IT. Менш за ўсіх – дзеячы культуры.

Нягледзячы на звесткі Белстату, палова працаўнікоў Беларусі атрымлівае менш за Br 500, кажа эканаміст Міхал Залескі. У праграме «Асабісты капітал» нашага тэлеканалу ён падрабязна тлумачыць розніцу паміж «палітычным заробкам», які мае складаць не менш за Br 1000 і рэальнымі прыбыткамі. Паводле Залескага, за выключэннем Менску і некалькіх заможных рэгіёнаў, кшталту Салігорску, сярэднія заробкі беларусаў складаюць хіба палову ад абвешчаных лічбаў Белстату.

«Тэрытарыяльны аспект рэч істотная, але ёсць рэч і важнейшая за яго, напрыклад сацыяльнае становішча. Без заробкаў служачых дзяржсектару сярэдняя зарплата сціскаецца да 395 рублёў», – упэўнены эканаміст.

У якасці адказу на падзенне заробкаў нашыя грамадзяне ўсё часцей з’язджаюць на працу ў Расею. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі за апошні квартал колькасць працоўных мігрантаў з нашае краіны вырасла ўдвая. У сваю чаргу ў Беларусь на працу едуць кітайцы ды ўкраінцы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»