Эканаміст: Каб пенсія была вялікая, трэба зрабіць, як у Чылі


Дадатковыя Br 16 рублёў, або € 7, – менавіта на столькі гаманец беларускіх пенсіянераў пацяжэе з лістапада, пасля павышэння на 5%. У выніку сярэдняя пенсія складзе Br 316, ці € 137.

Ці далёка да Еўропы ці хаця б нашых суседзяў?

Параўнаўчую статыстыку прыводзіць партал «TUT.BY». Прадказальна ў лідарах паводле выплатаў краіны-чальцы Еўразвязу – Літва і Латвія ў сярэднім плоцяць пенсіянерам амаль € 300 у пераліку, Польшча – € 240. Менш за беларускіх атрымліваюць пенсіянеры Украіны і Казахстану. Расея аказалася ў сярэдзіне спісу з пенсіяй на ўзроўні € 190.

Эканаміст Яраслаў Раманчук прапаноўвае з суседзяў прыкладу не браць.

«Найлепшая пенсійная рэформа была праведзеная ў Чылі – сёння на прыватных рахунках людзей больш за сто мільярдаў долараў маюць людзі, якія маюць 65 або 67 гадоў», – распавядае эканаміст.

Чылійскі прынцып прадугледжвае штомесячныя ўнёскі ў памеры 10 % ад заробку, пенсійную кампанію грамадзянін абірае сам. Між тым, беларускія пенсіянеры штодзень параўноўваць свае сціплыя выплаты не столькі з чылійскімі, колькі з коштамі ў крамах. Інфляцыя на канец гэтага года, паводле прагнозу Нацбанку, складзе 6 %.

Пенсіі з’ядаюцца інфляцыяй

Атрыманне ж нават гэтых сціплых сродкаў пакрысе адкладаецца – сёлета ў Беларусі пачалі паступова павышаць пенсійны ўзрост.

Ужо са студзеня пенсійны ўзрост складзе 61 год для мужчынаў і 56 для жанчын. Да 2022 года гэтыя лічбы дасягнуць адпаведна 63-х і 58-мі гадоў. Але аналітыкі кажуць, што да таго моманту праблема дэфіцыту сродкаў у пенсійным фондзе не сыдзе, і не выключаюць чарговага павышэння ўзроставай планкі.

Не спрыяльная і дэмаграфічная сітуацыя

На пенсію выходзяць людзі, якія нарадзіліся ў перыяд паваеннага бэйбі-буму, у той жа час працаваць пачынае пакаленне 90-х – часу рэзкага зніжэння нараджальнасці. Але праблема не толькі ў некарыснай дэмаграфіі – уся пенсійная сістэма неэфектыўная, кажуць адмыслоўцы.

«Трэба прадугледзець магчымасць адкрыцця прыватных пенсійных фондаў, каб праз 25 гадоў такой зʼявы, як дзяржаўная пенсія, не было ўвогуле ў нашай краіне», – падсумоўвае спадар Раманчук.

Пакуль жа кожны выкручваецца як можа: уласны агарод, дапамога дзяцей, рэжым няспыннай эканоміі. Паводле леташняй гадавой статыстыкі чвэрць з усіх пенсіянераў захоўвалі працоўную актыўнасць.

Таццяна Рэут, «Белсат»