Эканамічны форум у Менску: зробім школы як у Эстоніі?


«Асновы будучыні» – гэтак гучыць тэма сёлетняга Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які праходзіць у Менску. І заканамерна, што будучыня краіны непасрэдна залежыць ад тых, хто сёння ходзіць у школу ці ўніверсітэт. Якая сістэма адукацыі самая эфектыўная? І якіх зменаў патрабуе беларуская сярэдняя школа?

Адказалі на гэтыя пытанні ўдзельнікі другога дня форуму

Высокатэхналагічнае лічбавае навучанне, якое развівае крэатыўнасць і лагічнае мысленне. Сінгапур, Кітай, Фінляндыя, Эстонія: адукацыйныя сістэмы гэтых краінаў – сярод найлепшых у свеце.

Эстонская школа гарантуе шырокі выбар вельмі розных прадметаў, пры гэтым у старэйшых класах школьнікі могуць вывучаць да чатырох замежных моваў. Адукацыя бясплатная, а яе даступнасць для дзяцей з усіх сем’яў гарантуюць бясплатныя харчаванне, транспарт, пазашкольныя заняткі. У сусветным рэйтынгу ацэнкі ведаў школьнікаў «ПІЗА» Эстонія – у тройцы еўрапейскіх лідараў.

А дзе Беларусь?

«35 тысячаў грамадзянаў нашай краіны навучаюцца ў самых прэстыжных універсітэтах свету за перыметрам нашай краіне. Патлумачце мне, як жа яны маглі паступіць у гэтыя ўніверсітэты, калі ў нас такое прымітыўная, дрэнная, дэградуючая сярэдняя адукацыя», – адказваў дэпутат Ігар Марзалюк на пытанне вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта адносна ўзроўню айчыннай сярэдняй адукацыі.

Да беларускай школы і зменаў у ёй грамадства мае дастаткова прэтэнзіяў. Адна з апошніх – гэта планаваная адмена экзаменаў у гімназіі перад пятым класам і паступленне туды паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Дэпутат запэўніў, што ў гэтым Беларусь акурат абапіраецца на перадавы досвед Эстоніі ды Фінляндыі, але разгарнуць думку ў каментары «Белсату» на Кастрычніцкім эканамічным форуме адмовіўся.

«Прамова была зведзеная ў значнай ступені да папулізму. Напрыклад, было сказана, што ў Эстоніі таксама гімназіі з 9-га класа. Пры гэтым было праігнаравана тое, што настаўнік мае права выбіраць сістэму навучання, падручнікі», – расчаравана канстатуе маці гімназіста Крысціна Вітушка.

У нашых настаўнікаў такой свабоды няма

Няма і прэстыжу прафесіі ды фінансавага стымулу, хаця гэта і не выключна беларуская праблема. Заробкі ў сферы адукацыі застаюцца невысокімі – у верасні сярэдняя аплата не дацягвала да шасцісот рублёў. Пры тым, што агулам на адукацыю Беларусь выдаткоўвае не менш за суседзяў – каля 5 % ад ВУП. У сёлетнім бюджэце на яе мае пайсці больш за Br 800 млн. Але ці эфектыўна выдаткоўваюцца сродкі? Эксперты не першы год цвердзяць пра неабходнасць дэцэнтралізацыі школы і захаванне прынцыпу выбару.

Налета Беларусь, адна з апошніх еўрапейскіх краінаў, плануе далучыцца да сусветнай праграмы ацэнкі якасці адукацыі »ПІЗА« (PISA). Тэст аналізуе ўзровень ведаў 15-гадовых школьнікаў і здольнасць выкарыстоўваць іх на практыцы. Вынікі ацэнкі пакажуць пазіцыю беларускай сярэдняй адукацыі ў Еўропе і свеце ды могуць стаць шокам. Чыноўнікі ад адукацыі запэўніваюць, што да яго гатовыя і будуць паляпшаць узровень адпаведна.

Таццяна Рэут, «Белсат»