ЕГУ ці БДУ? Абітурыенты ўзважваюць усе «за» і «супраць»


Штогод за 180 кіламетраў ад Менску больш за 200 учорашніх беларускіх школьнікаў спрабуюць паступіць у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

У ЕГУ, беларускім універсітэце ў выгнанні, 80 % студэнтаў – грамадзяне нашай краіны. Яны не хаваюць, што для іх самая сабою каштоўная менавіта адукацыя за мяжою.

«Для мяне важны быў універсітэт, у якім можна будзе гаварыць тое, што сапраўды думаеш. Для мяне важная свабода слова, а, на жаль, у Беларусі апошнім часам гэта рэдкасць»

«Я заўсёды пераследавала мэту паступіць менавіта ў Еўропу. Для мяне гэта вельмі важна, я ведаю, што цяпер у цане дыпломы менавіта еўрапейскага ўзору».

«За мяжою неяк больш неяк межы адчыняюцца, людзі іншыя і неяк… Ну цягне за мяжу насамрэч, не буду хаваць».

– кажуць абітурыенты.

У чым перавагі вучобы ў Вільні?

Адміністрацыя ВНУ, апроч уласна еўрапейскай корачкі, хваліцца адноўленымі навучальнымі праграмамі ды гнуткаю сістэмаю аплатаў.

«Чым вышэйшыя адзнакі яны дэманструюць пры паступленні ва ўніверсітэт, тым ніжэйшыя тарыфы ім прапаноўвае ўніверсітэт, або бясплатная месцы», – звяртае ўвагу Максімас Мілта, кіраўнік камунікацыяў і маркетынгу ЕГУ.

Атрымаць зніжку ў часе навучання можна і ў беларускіх вузах – пры добрых адзнаках і грамадскай актыўнасці. Агулам жа навучанне ў ЕГУ пры сярэдніх, а не выдатных адзнаках выйдзе даражэй за беларускую адукацыю: Eur 2000, у той час, як, напрыклад, на папулярным і дарагім факультэце міжнародных адносінаў БДУ за год трэба аддаць Eur 1250. Хоць сёлета навучанне ў беларускіх універсітэтах у сярэднім падаражэла на 10 %.

«Я нарадзілася ў Беларусі, я хачу вучыцца ў Беларусі. А БДУ? На напэўна таму, што ён прэстыжны, адзін з самых прэстыжных».

«Тут дастойная адукацыя, тут пасля ўніверсітэту ёсць дзе ўладкавацца і даюць вакансіі».

«БДУ гэта хаця б адзіная адукацыя, якая цэніцца за мяжою».

– даводзяць абітурыенты галоўнага ўніверсітэту Беларусі.

Добра вучышся? Тады лепей у ЕГУ!

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт можа быць прываблівым варыянтам для абітурыентаў з самымі высокімі баламі: у Беларусі пры паступленні на бюджэт іх чакае размеркаванне, а ў Вільні – бясплатная адукацыя без забавязанняў і еўрапейскі дыплом у кішэні. Ці гэткім чынам Беларусь губляе найлепшыя розумы? Неабавязкова. Паводле леташняга апытання больш за 60 % выпускнікоў ЕГУ вяртаюцца на радзіму.

Ва ўстанове ўпэўненыя, што рэпутацыі ЕГУ не зашкодзілі і шэраг скандалаў, звязаных з кіраўніцтвам універсітэту. Узнавіць пошукі кандыдата на пасаду рэктара маюць у другой палове 2017-га года.

Таццяна Рэут, «Белсат»