Дзяўчынка з Гомля напісала ліст Дзеду Марозу, каб той зрабіў цёпла ў кватэры


Людзі, якія жывуць у маласямейцы на вуліцы 60-ці гадоў СССР у Гомлі, вымушаныя ўзімку мерзнуць. Вецер праймае праз шчыліны. А сцены ад перападу тэмператураў пакрываюцца цвіллю.

ГАЛІНА МАРОЗ:

«Капаю мы захінаемся ад холаду, бо ў нас маленькае дзіця. Зараз я прыбяру капу і вы пабачыце, як у нас адыходзяць шпалеры».

ГАЛІНА МАРОЗ:

«Ну вось паглядзіце, якая тэмпература ў нас у кватэры з маленькім дзіцем на дзявятым паверсе. На тэрмометры – 17 градусаў цяпла».

Дзіўна, але калі камунальныя службы прыходзілі з правяраннямі, то фіксавалі тэмпературу 22-23 градусы, якая адпавядае сацыяльнаму стандарту.

Тым часам цеплыня сценаў – толькі 12 градусаў. Такая ж нізкая тэмпература і ля вокнаў.

СЯРГЕЙ СЕНЧАНКА:

«Вельмі холадна, усё ў цвілі. Мэбля, якая ставіцца да сцен, гніе».

Маласямейка ў Гомлі стаіць ужо 30 гадоў. І за гэты час тут ні разу не рабілі капітальнага рамонту.

ГАЛІНА МАРОЗ:

«Мы аддалі дзіця ў садок, бо там цяплей, чым дома».

Дзіця хоча быць удома – з мамаю. Таму дзяўчынка напісала ліст у Белавежскую пушчу, Дзеду Марозу – з просьбаю зрабіць сцены ў кватэры цёплымі. А пакуль людзі заклейваюць нават разеткі – каб не дзьмула. І ўключаюць на ўсю моц абагравальнікі. На ўсе содні. Гэта адзінае, што ратуе. Але ў выніку плоцяць штомесяц за электрычнасць па 50 рублёў.

СВЯТЛАНА НІКІЦІНА:

«Немагчыма тут жыць. Бо заўсёды ходзіш у ваўняных шкарпэтках, халатах, кофтах. Дзіця таксама – у цёплай піжаме. Прачыналіся ад таго, што ўранку нос увесь час закладзены, абагравальнікі не дапамагаюць».

Нікіціны вымушаныя былі зʼехаць з халоднага дому, але большасць людзей не маюць магчымасці змяніць месца жыхарства.

Ад уцяплення сцяны дому, якая прадзімаецца, камунальныя службы адмовіліся: маўляў, не маюць грошай. Улады прапануюць людзям самым уладкоўваць свой быт. Але толькі адзін праект уцяплення сцяны каштуе 500 рублёў. Таму выйсце адно.

ВЕРА КОШАЛЕВА:

«Паабмазвалі, дзе дзіркі былі, ды і ўсё. А яно як холадна, так і холадна».

Максім Кот, «Белсат»