Дзяўчынка памерла ў санаторыі. Хто вінаваты?


Халатнасць медыкаў ці іншыя прычыны смерці школьніцы ў санаторыі? Высвятленнем акалічнасцяў займаецца Следчы камітэт.

Бацькі Анастасіі Гаўрыленкі з Брагіна сцвярджаюць, што ў дзяўчыны не было праблемаў са здароўем. Дык што здарылася і што ў гэтай трагічнай сітуацыі дарослым, якія былі побач з дзіцём, трэба было зрабіць інакш?

Надзея Гаўрыленка пакуль не можа аправіцца ад шоку. Днямі яна пахавала любімую дачку. Праз якую хваробу сэрца 11-гадовай дзяўчынкі спынілася – жанчыне гэтак і не сказалі. Вынікаў экспертызы пакуль няма.

«Я не магу дасюль паверыць, што гэта з маім дзіцём», – кажа Надзея Гаўрыленка, маці памерлай дзяўчынкі.

У школе, дзе вучылася дзяўчынка, рабілі рамонт да правядзення Дажынак. Таму дырэктар установы прапанавала бацькам вывезці дзяцей на аздараўленне. Выбар зрабілі на карысць санаторыю «Пціч», што месціцца за 150 кіламетраў ад Брагіну.

«Дзіця патэлефанавала нам і распавяла, што тут усе дзеці хварэюць. Што ў дзяўчынкі з іншага класу, з пятага, высокая тэмпература, ёй збіваюць», – працягвае Надзея Гаўрыленка.

У хуткім часе тэрмометр паказаў 39 градусаў і ў самой Насці. Дзяўчынку лячылі таблеткамі ды сіропам ад кашлю. Насця пачала пачувацца лепш, а праз два дні – нават выходзіла на двор. Аднак неўзабаве стала скардзіцца на млоснасць і боль у грудзях.

«Яна а 9:40 патэлефанавала: мама, мне вельмі дрэнна, мне зрабілі прамыванне страўніка. Я кажу: дачушка, я ўжо еду, еду цябе забіраць… і ўсё», – кажа Надзея Гаўрыленка.

Забраць дачку жанчына не паспела: Насцю адвезлі ў Петрыкаўскі шпіталь і паклалі ў рэанімацыю. Мясцовыя дактары ўвялі дзяўчыну ў стан комы ды кансультаваліся з Менскам наконт тэрапіі. Увечары 2 траўня чакалі адмыслоўцаў з Гомлю, аднак дзяўчынка не дажыла. Гісторыя абурыла як суседзяў Надзеі, гэтак і людзей, якія не былі знаёмыя з жанчынаю і ейнай дачкой.

Ужо пазней Надзея Гаўрыленка даведалася, што ізалятар санаторыю разлічаны толькі на 6 асобаў. Таму хворыя дзеці, якіх было значна больш, перабывалі ў адных пакоях са здаровымі. Маці дзяўчыны лічыць, што віною сталася халатнае стаўленне медыкаў у санаторыі ды не своечасова аказаная дапамога ў шпіталі. Міністр аховы здароўя ўжо ўзяў выпадак пад асабісты кантроль. Аднак пра акалічнасці здарэння будзе вядома па заканчэнні праверкі, якую цяпер праводзіць Следчы камітэт.

Юлія Лабанава, belsat.eu