Дзень Волі-2018 за мяжой: як гэта было


У Варшаве Дзень Волі сёння адзначалі не толькі святочным мітынгам і шэсцем, але і адмысловым паэтычным вечарам у Тэатры Польскім ды інтэлектуальнаю гульнёю «Jack Quiz».

«Мэта нашага мерапрыемства – сабраць беларусаў разам, працягнуць свята. Сёння шмат хто быў на мітынгу і шэсці ад помніка Касцюшкі да помніка Адама Міцкевіча. Там мы запрасілі людзей прыйсці, працягнуць нашае свята, свята незалежнасці», – кажа Аляксандр Лапко, арганізатар гульні «JACK QUIZ».

У часе гульні задавалі пытанні, датычныя не толькі Беларускай Народнай Рэспублікі, але і ўвогуле беларускай культуры, геаграфіі ды гісторыі. Сярод удзельнікаў – шмат беларускіх студэнтаў і палякаў, якія цікавяцца беларушчынаю. Узнагародамі сталіся прадукты айчынных вытворцаў – ад згушчанкі да зефіру. Арганізатары паабяцалі, што тэматычныя гульні пад маркаю #БНР100 будуць працягвацца.

Тым часам стагоддзе абвяшчэння БНР святкавалі і ў Тэатры Польскім у Варшаве. Там зачытвалі беларускія вершы, перакладзеныя на польскую мову. Імпрэза мела назву «Незалежнасць – гэта…» і складалася не толькі з прамоваў актораў – музычнае суправаджэнне забяспечваў у тым ліку Зміцер Вайцюшкевіч.

Паводле арганізатараў імпрэзы, важна, што гістарычна блізкія палякі і беларусы адзначаюць круглыя гадавіны незалежнасці ў адзін год.

Відэавіншаваннем старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы распачалося ўчора святкаванне сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Нью-Ёрку. У «Соўшэл Гол» на Мангэтане працавалі выстава «Ідэя БНР у ЗША» і кірмаш беларускіх сувеніраў.

Днём раней гадавіну абвяшчэння БНР у Вашынгтоне адзначыла Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Сёння і ў наступныя дні для святкавання 25 сакавіка этнічныя беларусы збяруцца ў Чыкага, Філадэльфіі, Мінэапалісе ды іншых гарадах.

Віленскія беларусы таксама пачалі святкаваць незалежнасць БНР напярэдадні. Учора па цэнтры літоўскай сталіцы прайшло ўрачыстае шэсце. Скончылася яно ўсталяваннем першай у горадзе табліцы з назваю вуліцы на беларускай мове.

Сёння віленскія беларусы ўшанавалі памяць дзеячаў БНР на могілках Росы.

«Я заўсёды прыходжу ў гэты дзень каб пакланіцца пачынальнікам незалежнай Беларусі», – кажа мастак Станіслаў Зялёнка.

«Вельмі ганаруся тым, што маю дачыненне да дваіх народаў і дзвюх краін, якія стагоддзе таму адрадзілі сваю незалежнасць», – адзначыў першы амбасадар Літвы ў Беларусі, удзельнік акцыі Алфонсас Аўгуліс.

У касцёле Святога Барталамея адбылася служба ў памяць дзеячаў БНР, а ў гарадской ратушы – урачысты юбілейны прыём і канцэрт.

У Варшаве святочнае шэсце прайшло ад помніка Тадэвушу Касцюшку да помніка Адаму Міцкевічу, дзе адбыўся мітынг.

Удзельнікі шэсця кажуць:

«Выказаць падтрымку бел народу за нялёгкую гісторыю, падтрымку з Украіны».

«Дзень волі, дзень свабоды, калі наша нацыя стала сапраўды свабоднай і мы атрымалі самавызначэнне»

«Прыйдзе той час калі мы зможам сказаць усю праўду і Беларусь стане ў адзін рад з краінамі Еўропы, вольная Беларусь».

У Любліне таксама адбылося шэсце, а беластоцкае святкаванне пасля ўрачыстай літургіі ды малебну завяршылася ўрачыстасцямі ў Падляскай оперы і вялікім канцэртам Лявона Вольскага.

У Кіеве акцыя, прысвечаная стагоддзю БНР, адбылася на плошчы Незалежнасці, пасля яе заканчэння ўдзельнікі прайшлі са сцягамі да вуліцы Грушэўскага і ўсклалі кветкі да помніка Міхаілу Жызнеўскаму.

«Хачу пажадаць беларусам, каб яны ўсё ж падымаліся, усё ж уставалі, не баяліся, бо гэта іхная будучыня, іхная зямля. Беларусь – гэта дзяржава беларусаў, таму яны маюць за яе змагацца і быць вольным народам», – кажа ўдзельніца акцыі Ірына Гаркаленка.

Канада і Латвія, Ізраіль і Расея, Чэхія і Нігерыя – за межамі Беларусі, паводле розных крыніцаў, жывуць ад аднаго да трох з паловаю мільёнаў беларусаў. І сотыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі сёння адзначалі беларусы па ўсім свеце.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»