Дзень волі – 2017: калі прыйдуць галодныя людзі, міліцыя не выратуе ўлады


Паўторную падачу заяўкі будуць фіксаваць на відэа. Пра гэта заявілі арганізатары шэсця на Дзень волі пасля таго, як атрымалі адмоўны адказ з Менгарвыканкаму. Сталічныя ўлады, з іхных словаў, не далі дазволу на акцыю праз недахоп важнага дакументу. Заяўнікі кажуць, што аддалі ўвесь неабходны пакет папераў, а рашэнне чыноўнікаў тлумачаць напружанасцю ў грамадстве, якая толькі нарастае.

Збор ля будынку Акадэміі навук, пасля – шэсце ў парк Янкі Купалы

Такі быў план правесці акцыю ў цэнтры Менску дваццаць пятага сакавіка, што мела стацца рэпетыцыяй святкавання стагоддзя абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак планы арганізатараў, відавочна, сапсаваў Менскі гарвыканкам.

«Магчыма мы не атрымалі станоўчага, бо ўлады чакаюць як пройдуць анансаваныя на 17 лютага акцыі, якія маюць на мэце сабраць людзей незадаволеных паборам на дармаедства», – мяркуе Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду».

У гарвыканкаме сталіцы заявілі, што нібыта атрымалі ад арганізатараў ліст, але не было прадугледжанай законам аб масавых мерапрыемствах заявы.

«Гэта абсалютная хлусня. Мы падавалі поўны набор дакументаў», – зазначыў Віталь Рымашэўскі, «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

Што не спадабалася ўладам?

Чыноўнікі сцвярджаюць наяўнасць іншых парушэнняў, якія перакрэсліваюць магчымасць выдання дазволу.

«Звяртаем увагу, што вамі парушаны арт. 8 Закону, у адпаведнасці з якім арганізатары масавага мерапрыемства, а таксама іншыя асобы да атрымання дазволу на яго правядзенне не маюць права абвяшчаць у медыях, інтэрнэце або іншых інфармацыйных сетках дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтаю мэтай улёткі, плакаты ды іншыя матэрыялы», – патлумачылі ў Менгарвыканкам.

Адмова гарвыканкаму сталася для арганізатараў у нейкім сэнсе нечаканасцю

Цягам апошніх гадоў гарадскія ўлады дазвалялі з нагоды свята шэсце і мітынг. Што праўда, прапанаваны чыноўнікамі сцэнар прымалі не ўсе прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Вельмі часта ўдзельнікі адхіляліся ад вызначанага ўладамі маршруту на плошчу Бангалор. Аднак акцыі адбываліся.

Чаму менавіта сёлета выканаўчы камітэт сталіцы пастанавіў інакш?

«Рэйтынг Лукашэнкі як ніколі нізкі. Усе разумеюць, што ў бліжэйшай перспектыве выправіць эканамічнае становішча немагчыма. Гэта значыць, што незадаволенасць ёсць і людзі гатовыя да нейкага фармату супраціву», – упэўнены Анатоль Лябедзька, старшыня «Абʼяднанай грамадзянскай партыі».

Рост коштаў на харчы ды паслугі, нізкія заробкі, а да гэтага – сотні тысяч беларусаў, якіх дзяржава залічыла ў гэтак званыя дармаеды і прымушае плаціць непасільны падатак. Усё гэта як ніколі пагоршыла сітуацыю людзей.

«Ніякі паліцэйскі апарат не ўратуе гэтую ўладу»

«Улады баяцца, што шмат незадаволеных людзей. Калі разам гэта было часткова, то цяпер незадаволеныя ўсе».

«Баяцца, што ў краіне крызіс, што людзі элементарна галодныя, што на гэтыя акцыі могуць прыйсці многія. Ідзе скарачэнне працоўных месцаў. Тады ніякі паліцэйскі апарат не ўратуе гэтую ўладу».

«Чым больш яны забараняюць, чым больш будзе павялічвацца напружанасць, тым мацней яно пасля прарываецца».

– выказаліся жыхары Менску.

Дзень волі мае асаблівае значэнне

Не аднойчы 25-га сакавіка ператваралася ў дэманстрацыю нязгоды і пратэсту супраць сваволля ўладаў. Гэтак, у 2006-ым годзе тысячы людзей у Менску пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Пасля падзеяў Плошчы пераважная большасць лідараў дэмакратычнага руху апынулася за кратамі. Не зважаючы на гэта, на вуліцу ў 2011-м выйшлі людзі. Леташні Дзень Волі зрабіўся працягам пратэстаў індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Усім чыноўнікам зразумела, што Дзень Волі ўсё роўна будзе святкавацца патрыётамі Беларусі, тымі людзьмі, якія адназначна выступаюць за незалежнасць нашай краіны», – запэўніў грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык.

Арганізатары акцыі пакуль саступаць не збіраюцца

Заўтра плануюць паўторна перадаць у гарвыканкам заяўку з такім жа маршрутам. Калі і гэта не дапаможа, будзе вызначаны іншы фармат святкавання.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: journalby.com