Дзень незалежнасці Украіны: парад, выбух і беларускія добраахвотнікі


А 14-ай гадзіне паводле кіеўскага часу на вуліцы Грушэўскага, непадалёк будынку Ураду Украіны, адбыўся выбух. У выніку пацярпелі два чалавекі. Паліцыя і СБУ ачапілі раён.

За дзве гадзіны да выбуху за некалькі соцень метраў ад месца здарэння адбыўся штогадовы парад, прысвечаны Дню незалежнасці. 26 гадоў таму Украіна ў гэты дзень выйшла з складу СССР. За гэтыя гады краіна выбудавала рынкавую эканоміку, сфармавала сістэму выбараў. Дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка – пяты дэмакратычна выбраны кіраўнік дзяржавы.

«А дарога ў нас адная – шырокі еўраатлантычны аўтабан, што вядзе да сяброўства ў Еўразвязе і НАТО. На 26-ым годзе незалежнасці мы прыбралі візавую завесу. Грамадзяне Украіны атрымалі заслужанае права вольна заязджаць у краіны Еўразвязу», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Ва ўрачыстай прамове Парашэнка зазначыў, што ў хадзе ўкраінска-расейскага ваеннага канфлікту на Данбасе загінулі больш за 10 тысяч украінцаў. «Іхныя смерці на сумленні агрэсара, і мы ніколі не забудземся ды не прабачым», – адзначыў у сваім выступе кіраўнік Украіны.

Ва Украіну прыбыў міністр абароны ЗША Джэймз Мэтыс

Візіт кіраўніка Пэнтагону, як раней анансаваў парадак сустрэчы сенатар Джон Маккейн, дазволіць ЗША пачаць прадаваць зброю Кіеву.

«Спадару прэзідэнт, мы, як і раней, падтрымліваем Украіну і захоўваем прыхільнасць нарошчванню патэнцыялу вашых узброеных сілаў для абароны нашай краіны ды ўкраінскага народу», – сказаў Мэтыс.

Дапамога з боку ЗША Украіне мусіць быць не толькі сімвалічная

Так мяркуе міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс. На меркаванне Каробліса, Амерыка мусіць забяспечыць Украіну зброяй, здольнаю нейтралізаваць расейскае ўзбраенне.

Па ўрачыстым парадзе ў Кіеве прайшоў Марш няскораных

У неафіцыйным маршы прынялі ўдзел семʼі герояў Нябеснае сотні, удзельнікаў баявых дзеянняў на Данбасе, палонных і зніклых без вестак. У маршы бралі ўдзел і беларускія добраахвотнікі.

Адзначылі Дзень незалежнасці Украіны і ў акупаваным Крыме

Напярэдадні свята фотамастака Таццяна Маскаленка сабрала групу крымчанаў, апранутых у колеры ўкраінскага сцяга. Здымак у сацыяльных сетках хутка сабраў тысячы рэпостаў і водгукаў.

Ігар Віняўскі, «Белсат», фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum