Дзень настаўніка: свята альбо нагода задумацца?


Сёння – у першую нядзелю кастрычніка – у Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка. У нашай краіне гэта свята для 116-ці тысяч педагогаў. Калі ж палічыць усіх занятых у сферы адукацыі, атрымаецца ледзь не кожны дзясяты беларус. Святочны дзень – нагода і паразмаўляць аб праблемах настаўнікаў.

Ганна Севярынец – настаўніца рускай мовы і літаратуры ў адной са школаў Меншчыны. Як, хіба, большасць людзей у гэтай прафесіі прыйшла да навучання дзяцей невыпадкова.

Ганна Севярынец распавядае пра выбар прафесіі:

«Колькі сябе памятаю, заўсёды хацела быць настаўніцай, з самага дзяцінства ўсё было сурʼёзна. Калі нешта па тэлевізары было пра настаўнікаў я сядала насупраць, брала канспект і запісвала ўсе свае думкі».

Але ўяўленні і тэлевізар гэта адное, а рэальнасць аказалася зусім іншай. Пасля 5-ці год працы ў школе спадарыня Ганна зышла ў гандаль, але ў выніку, не зважаючы нават на розніцу ў заробках, усё-роўна вярнулася да навучання дзяцей. І не пашкадавала.

«Я зарабляю няблага для настаўніка, дзякуючы таму што ў мяне ёсць нейкія даплаты, прэміі, стыпендыі», – кажа Ганна Севярынец.

Праблема не ў грашах, дадае нашая гераіня:

«Мне часам няўтульна бывае працаваць у той сістэме, якая ў нас утварылася, але гэта такое маштабнае пытанне. І справа не ў тым, што дзяржава некага крыўдуе, а ў тым, што мы як грамадства пакуль што маем, што маем».

І калі з гэтым выказваннем шмат хто можа пагадзіцца, то ў справе заробкаў Ганна Севярынец яўна выключэнне. (Адукацыя сярод адных з найгорш платных сфераў у Беларусі. Сярэдні налічаны заробак тут складае 528 рублёў, адлічыце ад гэтай сумы яшчэ падаткі. Адным словам вельмі далёка да абяцаных да канца году $ 500 па краіне.

«Сітуацыя не вельмі спрыяльная ў адукацыі, гэта і нізкія заробкі і неадэкватны сацыяльны статус настаўнікаў. Адным словам, Дзень настаўніка – повад задумацца», – адзначае кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

З другога боку гэта і пытанне рэфармавання школьнай адукацыі ў краіне. Па словах экспертаў у гэтае галіне, замест істотных новаўвядзенняў чыноўнікі топчуцца на месцы. Змяняюць 5-ці бальную сістэму на 10-цібальную, вяртаюцца да размоваў пра пяці. Мяняюць гадзіны пачатку заняткаў. Перапісваюць адныя падручнікі з памылкамі на іншыя, і зноў з памылкамі.

«Рэформы адукацыі могуць пачацца толькі тады, калі зменіцца палітычная сітуацыя і зменіцца сістэма субʼектаў, адказных за рашэнні ў адукацыі. А пакуль будуць толькі карэкцыйныя і касметычныя захады прымацца», – працягвае Святлана Мацкевіч.

Ды і аб якіх зменах можа весціся гаворка, калі на самым версе беларускай уладнай піраміды гаворыцца толькі аб найлепшай сістэме адукацыі, якая не мае аналагаў у свеце.

«На выхаванне і адукацыю моладзі і сацыяльную падтрымку моладзі дзяржава выдаткоўвае значную частку бюджэту, таму мы чакаем ад педагогаў адпаведнай аддачы», – такая заява прагучала з вуснаў Аляксандр Лукашэнкі.

Але калі прыглядзецца лічбам, то атрымліваецца, што на адукацыю ў 2017 годзе бюджэт заклаў 808 млн рублёў, а напрыклад на суды і міліцыю амаль у два з паловай разы болей. Што ў прыярытэце ў тых, хто распараджаецца фінансамі, думайце самі.

А таму ў гэты святочны дзень хочацца пажадаць нашым настаўнікам большай да іхных праблемаў увагі як з боку дзяржавы так і з боку грамадства.

Ігар Кулей, belsat.eu