Дзень народзінаў Колі Лукашэнкі: «тата падорыць новую рэзідэнцыю»


Дзесяць год таму беларусы ўпершыню пабачылі маленькага Колю. Сказаўшы толькі адно слова «Папочка!» малодшы Лукашэнка публічна заявіў аб сваім існаванні. З таго часу пазашлюбнага сына кіраўніка краіны не толькі не хавалі ад грамадскасці, а нават наадварот: Коля прымаў удзел, бадай, ва ўсіх значных беларускіх імпрэзах ды ў прэзідэнцкіх замежных ваяжах.

Коля: «Складана сказаць, якая паездка найбольш запомнілася»

І не дзіўна, замежных візітаў было столькі і такіх, што сапраўды цяжка выбраць, які быў лепшы: ці сустрэча з Папам Рымскім або прыём у амерыканскага прэзідэнта ці банкет у кіраўніка Кітаю?

Узняць келіхі ў Лукашэнкаў ёсць нагода і сёння: тату споўнілася 63, а сыну – 13 год.

Што ў такі дзень можна падарыць «залатому» хлопчыку?

«Можа ўзрост падышоў і варта ўжо атрымаць танк, напрыклад».

«Напэўна, тата падорыць новую рэзідэнцыю».

«Я не ведаю, што яму бацька падорыць, уладу, можа?».

– паўжартам кажуць менчукі.

Сашу заменяць на Колю?

І сапраўды, пасля першага прадстаўлення Колі ў парыве шчырасці, Лукашэнка прызнаўся журналістам, што будзе рыхтаваць «самага малодшага ў прэзідэнты».

Абвергнуць апасенні паспрабаваў нават сам Коля.

«Шмат людзей задае мне гэтае пытанне. Калі шчыра, не вельмі мне хацелася б стаць прэзідэнтам», – даводзіў ён.

Для чаго ствараюць пазітыўны вобраз малодшага Лукашэнкі?

Імаверна, што Лукашэнку і яго атачэнню хацелася б змяніць стаўленне беларусаў да наймалодшага нашчадка, а таму апошні год у дзяржаўных медыях Коля перастаў быць татавым сынам, а стаў незалежнай медыйнай персонай. У Колі бяруць інтэрвʼю, Коля клапаціцца пра пенсіянераў і нават падарожнічае як шараговы беларус.

«Ну не падабаецца Коля. Магчыма, гэтая кампанія, якая вядзецца, яна мае такую мэту, каб згладзіць гэтае непадабанне, каб заваяваць сімпатыю. Нават калі сам Лукашэнка кажа, што ягоныя непапулярныя рашэнні Коля крытыкуе, мне падаецца, што за гэтым хаваецца спроба, каб Коля спадабаўся, каб беларусы, як Аляксандра Рыгоравіча палюбілі Колю», – мяркуе публіцыст Андрэй Пачобут.

Але навошта так дабівацца народнай любові, калі няма далекасяжных прэзідэнцкіх планаў?

Вольга Старасціна, «Белсат»