Дзень народзінаў «Белсату». Як тэлеканал дапамагае людзям развязаць праблемы?


Ратуем жывёлаў

Вельмі аператыўна адрэагавала на матэрыял тэлеканалу «Белсат» кіраўніцтва фермы Разанава, што каля вёскі Завараты на Глыбоччыне.

«У аўторак паказалі пра гэтых цялят як яны стаяць амаль пад адкрытым небам і ўжо ў чацвер іх з фермы забралі і вывезлі ў другое памяшканне», – распавядае Дзмітрый Лупач, мясцовы жыхар.

Вялося ў матэрыяле пра экстрэмальныя ўмовы ўтрымання цялят, якія зімуюць літаральна ў снезе, бо дах фермы калісьці разабралі на іншыя патрэбы.

Баронім дзяцей

У красавіку на чацвёртакласніка саракавой школы Менску падчас спартландыі звалілася футбольная брама. Хлопчыка з цяжкімі траўмамі даставілі ў рэанімацыю.

Справу па факце атрымання траўмаў, а гэта пералом асновы чэрапа і касцей чэрапа з двух бакоў, нечакана спынілі з фармулёўкаю: няма прыкметаў складу злачынства з боку адміністрацыі школы.

На маці хлопчыка пачалі ціснуць адміністрацыя школы, пракуратура і Следчы камітэт зрабілі вінаватым у траўме само дзіця.

Дапамагаем з жытлом

«Выклікалі мяне ў райвыканкам, пачалі змушаць падпісаць паперы, што я сама здам мужа інваліда першай групы, якога збіла міліцыя, і дзіця ў прытулкі, ішлі пагрозы, што забяруць іх», – узгадвае Святлана Калантай, гераіня матэрыялу «Белсату».

Пасля выхаду напрыканцы ліпеня матэрыялу на «Белсаце» ціск на жанчыну прыпыніўся, а яе жыллёвыя ўмовы палепшыліся.

«Далі мне пакойчык на Сонечнай, дом стары, пакойчык маленькі, але там жывем. Сын вучыцца ў іншай школе. Нібыта нічога», – кажа Святлана.

Падтрымліваем інвалідаў

Перасталі ціснуць і яшчэ на аднаго героя рэпартажу «Белсату» пасля таго, як матэрыял пра яго прайшоў на тэлеканале.

«Пасля таго як я звярнуўся да журналістаў улады мяне пачулі і перасталі цягаць па судах», – прызнаецца Мікалай Сныткоў.

Мікалай з Гомля, інвалід другой групы, ветэран працы, жыве ў аварыйным доме, які мясцовыя ўлады назвалі інтэрнатам і спрабавалі перасяліць жыхароў у іншы інтэрнат.

Паводле стану здароўя спадар Мікалай жыць у гэтым інтэрнаце не змог бы. Зрэшты, цяпер яго да гэтага і не змушаюць. Ягоны дом прызналі жылым, а не інтэрнатам, і цяпер вядзецца размова аб прадстаўленні яму сацыяльнага жытла.

«Дзякуй журналістам што прыцягнулі ўвагу ўладаў, я думаю што сітуацыя вырашыцца на маю карысць і журналісты будуць трымаць маё пытанне на кантролі», – спадзяецца спадар Сныткоў.

Так, «Белсат» будзе сачыць за развязаннем гэтай ды іншых праблемаў, пра якія мы распавядаем у сваіх матэрыялах. І, натуральна, шукаць новых тэмаў для рэпартажаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»