Дзедаўшчына: ці дапамогуць чысткі


Суд у Барысаве пакараў двума гадамі калоніі камандзіра батальёну за непрыманне захадаў супраць здзекаў з маладых салдатаў. Гэты прысуд стаўся чарговым у шэрагу выракаў, вынесеных пасля маштабнага правярання, якое спрычыніла смерць прызыўніка Аляксандра Коржыча. Наколькі сур’ёзная праблема дзедаўшчыны ў беларускай арміі ды наколькі яе здольныя развязаць існыя чысткі?

28 вайскоўцаў былі асуджаныя за дзедаўшчыну ў першым паўгоддзі сёлета. Гэта амаль столькі ж, як за ўвесь мінулы год.

З 28 асуджаных рэальныя турэмныя тэрміны за нестатутныя дачыненні і перавышэнне ўлады атрымалі двое – на пяць ды чатыры гады, адпаведна. Астатнія абышліся абмежаваннем волі, адтэрмінаваннем пакарання ці арыштам на тэрмін ад аднаго да шасці месяцаў. На думку былога палітычнага прызыўніка Франака Вячоркі, праблема дзедаўшчыны ў беларускім войску стаіць востра.

«Цяжка ацаніць, што было найгоршае. Ці чыстка зубною шчоткай уласнай унітазу, ці калі табе на галаву кладуць падушку ззаду і душаць, ці калі ты павінен на дошцы ад ложка скакаць, ці калі на табе ездзіць сяржант», – узгадвае Вячорка.

Махавік чыстак не спыняецца і цяпер. На канец мінулага месяца ў судах было 12 крымінальных справаў у дачыненні 19 чальцоў Узброеных сілаў Беларусі. Паводле найбольш рэзананснай справы Аляксандра Коржыча, які загінуў у часе службы ў Печах, судзяць трох сяржантаў ягонай роты. Двух – за перавышэнне паўнамоцтваў, трэцяга – у дадатак, паводле абвінавачання ў крадзяжы.

«Гэта перадсуім датычыць вучэбных частак. Бо калі частка, як кажуць, баявая, асабліва гэта датычыць памежных войскаў, там проста салдатам няма часу займацца вось гэтаю дурнотаю», – тлумачыць палкоўнік запасу Леанід Спаткай.

Не абыходзяць увагаю карныя санкцыі і камандзіраў, якія пакрываюць нестатутныя дачыненні. Сёння суд у Барысаве пакараў двума гадамі калоніі – за бяздзейнасць – камандзіра 10-га асобнага батальёну радыёэлектроннай барацьбы. Франак Вячорка, які таксама служыў у войсках СПА, таксама ўзгадвае пра бяздзейнасць афіцэраў.

«Я не ведаю, ці яны прыхоўвалі. Яны ігнаравалі. Дэманстратыўна ігнаравалі. А калі нехта пісаў скаргу ці заяўляў пра дзедаўшчыну, яны рабілі так, каб усе пацвердзілі, што той чалавек выдумаў», – распавядае былы палітпрызыўнік.

Адмыслоўцы, аднак, падкрэсліваюць: дзедаўшчына, рэкет і крадзеж у войску – вынік сістэмных хібаў, якія аднымі чысткамі не выправіш. Адная з галоўных прычынаў – недастатковае фінансаванне войска. Беларускія ўзброеныя сілы маюць наймізарнейшы бюджэт сярод усіх сваіх суседзяў, як паводле абсалютных сумаў, гэтак і адсотку ВУП. Нашая краіна ў гэтым сэнсе адстала нават ад эстонцаў, якіх менш, чымся жыхароў Менску. Менавіта гэтым перадусім тлумачацца частыя выпадкі рабаўніцтва саслужыўцаў ці раскрадання армейскай уласнасці, як гэта рабілі, напрыклад, вайскоўцы ў Баранавічах, што гандлявалі пісталетамі, аўтаматамі і гранатамі.

«Армія – гэта частка грамадства. У нас у грамадстве нядобра з фінансаваннем – заробкі не вельмі ў параўнанні з нашымі суседзямі, вядома ж, што такое грашовае ўтрыманне будзе і для вайскоўцаў», – канстатуе палкоўнік запасу.

Другая праблема, якая сыходзіць з першай, – недастатковая падрыхтоўка салдатаў і састарэлая сістэма службы. Прафесійнае войска Беларусь сабе не можа дазволіць праз кепскі стан эканомікі. Але айчынная армія адрозніваецца і ад тых еўрапейскіх краінаў, якія захоўваюць прызыў. Напрыклад, у Аўстрыі ці Швейцарыі колькасць прызыўнікоў аптымізаваная магчымасцю альтэрнатыўнай службы. А ў самым войску навабранцы інтэнсіўна навучаюцца ці нясуць актыўную службу цягам тыдня, пасля чаго разʼязджаюцца дахаты. У Беларусі, на думку апытаных намі адмыслоўцаў, салдаты праводзяць зашмат часу ў бяздзеянні на тэрыторыі частак, што спараджае нестатутныя дачыненні, падрывае баявы дух і баяздольнасць айчынных узброеных сілаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu