Аб'ектыў 16.01.2018 Дырэктар небяспечнага заводу падмануў берасцейцаў


Жыхары Берасця незадаволеныя рашэннем уладаў пабудаваць акумулятарны завод у ваколіцы. На адмысловай сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і інвестарам праекту не было дзе яблыку ўпасці. Толькі вось вынікі спаткання берасцейцы называюць пагардай і ашуканствам і збіраюцца судзіцца з дзяржавай.

Чаму прысутныя адчулі сябе падманутымі?

Ім абяцалі адказаць на ўсе пытанні, але, калі яны спыталіся, якія ёсць законныя шляхі спыніць праект, супраць якога сабралі ўжо 8 000 подпісаў, намеснік старшыні Берасцейскага райвыканкаму абвесціў сустрэчу скончанаю.

На мінулым тыдні прадстаўнік адміністрацыі, па сутнасці, заявіў, што гаварыць пра змены трэба было раней, а цяпер, маўляў, ужо позна, бо працэдура грамадскіх слуханняў ужо скончаная. Юрысты, якія рэпрэзентуюць грамадзянаў, аднак, лічаць, што працэдуру правялі з парушэннямі.

Улады ды інвестар цвердзяць: асцярогі жыхароў – беспадстаўныя. Маўляў, дзяржаўная экалагічная экспертыза прызнала праект бяспечным.

Чым тады выкліканы недавер жыхароў?

Напрыклад, Светлагорскі цэлюлозны камбінат, які, на этапе праектавання, улады таксама прызналі абсалютна экалагічна бяспечным, цяпер, пасля запуску, запаланіў навакольныя вёскі задушлівым смуродам.

Падчас сустрэчы ўласнік заводу Віктар Лемяшэўскі запрасіў людзей назаўтра накіраваць да яго ў офіс дэлегацыю, якой абяцаў паказаць усе дакументы, датычныя экалогіі праекту. Але сёння, калі прадстаўнікі грамадскасці адгукнуліся на запрашэнне, працаўнікі кампаніі, якія іх сустрэлі, паказаць усе патрабаваныя паперы адмовіліся.

Іншая прычына – завод Лемяшэўскага ў Белаазёрску

Прадпрыемства фігуруе цяпер у крымінальнай справе аб незаконным звальванні свінцовых адкідаў на зямлю пад вёскай Зялёны Бор. Штопраўда, падазраваны ў правапарушэнні – не сам завод, а падрадчык па вывазе. Жыхары Зялёнага Бору абураюцца, што хто б ні быў вінаваты насамрэч, але галоўнае тое, што ўлады ўжо другі год адмаўляюцца правесці ды апублікаваць экспертызу ўздзеяння тых адкідаў на глебу і ваду. Берасцейцы, якія жывуць побач з будаваным цяпер акумулятарным заводам, патрабуюць перанесці яго ў менш населенае месца.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Станіслаў Коршунаў / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары