Аб'ектыў 11.10.2018 Другі падобны выпадак у гісторыі касманаўтыкі. Аварыйнае вяртанне касманаўтаў «САЮЗу»


«Саюз» разваліўся. Падчас старту з касмадрому «Байканур» адбылася аварыя з расейскай ракетай-носьбітам, якая ляцела да Міжнароднай касмічнай станцыі. На борце карабля ў гэты момант быў экіпаж з дваіх чалавек: касманаўт «Роскосмоса» Аляксей Аўчынін і астранаўт НАСА Нік Гэйґ.

Аляксей Аўчынін і Нік Гэйґ – каманда пілатаванага касмічнага карабля «Саюз МС-10». Раніцай адзінаццатага кастрычніка адбыўся яго старт з касмадрому «Байканур». Мэта палёту – даставіць новы экіпаж на Міжнародную касмічную станцыю. За запускам, які быў прысвечаны 100-годдзю Заводу эксперыментальнага машынабудаўніцтва «Энергія», назіраў кіраўнік «Роскосмаса» Яўген Рагозін і кіраўнік НАСА Джым Брайдэнстайн.

Аляксей Аўчынін, касманаўт, камандзір «САЮЗУ-МС-10»:

«Мы з Нікам рыхтаваліся паўтара года да палёту. Цалкам прайшлі ўсю праграму рыхтавання. У нас – зладжаны экіпаж, таму я ўпэўнены, што ў нас усё атрымаецца».

Зладжаны экіпаж, але тэхніка падвяла. Прыкладна праз 2 хвіліны пасля запуску ў ракеты-носьбіта спрацавала аварыйнае адключэнне рухавікоў. Юрый Барысаў, намеснік старшыні ўраду РФ:

«Яна спрацавала штатна. Гэта дазволіла аддзяліцца капсуле ад ракеты-носьбіта. Экіпаж прызямліўся на зямлю».

Капсула прызямлілася ў Казахстане. Як адзначае «Роскосмос», ні Аўчынін, ні Гэйґ падчас аварыйнага прызямлення траўмаў не атрымалі. Прычына аварыі пакуль не выяўленая. Медыі са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляюць, што аварыя можа быць звязаная з дрэнным замацаваннем бакавых блокаў першай ступені ракеты-носьбіта.

Юрый Барысаў, намеснік старшыні ўраду РФ:

«Па папярэдніх звестках нешта адбылося пры аддзяленні першай-другой ступені. Падрабязнасці высветліць аварыйная камісія».

Да высвятлення ўсіх акалічнасцяў «Роскосмос» прыпыніў усе пілатаваныя палёты.

Міхась Ільін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары