Другі дзень «справы прафсаюзаў»: агенты і пагрозы


Дзень народзінаў галоўнага фігуранта справы, агентка КДБ і пагрозы сведкам. У сталічным Доме правасуддзя працягваецца разгляд гэтак званай «справы прафсаюзаў». Лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП вінавацяць у нявыплаце падаткаў у надзвычайна буйным памеры.

У Генадзя Фядыніча сёння смутнае свята. Свой шэсцьдзесят першы дзень нараджэння ён сустракае ў судзе. Канчаткова сапсаваць гэты дзень меліся паказанні ці не галоўнага сведкі абвінавачання – сябры прафсаюзу РЭП Мікалая Герасіменкі. Падчас допыту ён меў распавесці пра тое, што нібыта неаднаразова перавозіў грашовыя сродкі для арганізацыі з Вільні. На судзе ж Герасіменка заявіў, што паказанні даваў пад пагрозаю.

«Хлусня тое, што я, да прыкладу, восем разоў ездзіў, чаму не дзевятнаццаць? Тое, што нейкія сумы я перавозіў, нейкія сумы там называліся, з кім я ездзіў і гэтак далей», – заявіў Мікалай Герасіменка.

Наступны сведка – Ілля Дабратвор, які працаваў у арганізацыі ў 2015 годзе, меўся атрымліваць неафіцыйны заробак ад лідараў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Ён ад сваіх сведчанняў таксама адмовіўся. Ціснулі і на галоўнага бухгалтара прафсаюзу.

«Я не даваў ніякіх сведчанняў, таму мяне і пасадзілі на Валадарку ў СІЗА, адразу пры затрыманні мне было сказана так: вы правільна адказваеце – і вольны, або будуць праблемы», – адзначыў галоўны бухгалтар і старшыня менскай арганізацыі РЭП Ігар Комлік.

Цвіком учорашняй судовай праграмы стала заява 21-гадовай экс-сакратаркі прафсаюзу Юліі Юхнавец пра супрацу з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў якасці агента. За гэта дзяўчына мела атрымліваць грашовае ўзнагароджанне. Сам факт супрацы экс-сакратаркі з чэкістамі не стаў нечаканым для абвінавачаных. Здзівіла іншае.

Што менавіта, патлумачыў Генадзь Фядыніч:

«Для мяне сюрпрызам было, што яна вось так нечакана публічна прызналася нават у тым, што атрымлівала нейкія грошы. Безумоўна, мы будзем складаць хадайніцтва пра тое, каб быў праведзены закрыты допыт гэтай асобы з запрашэннем гаспадароў, на якіх яна працавала».

Ціск на сведкаў і выкарыстанне агентаў. Супярэчнасці ў паказаннях Юліі Юхнавец: у Вільні яна мелася атрымліваць грашовыя сродкі для РЭП купюрамі 500 еўраў, а ў матэрыялах справы здымкі купюраў па дзве сотні еўраў. Усё гэта – нават не галоўныя праблемы абвінавачання.

«Сёння і ўчора ідуць толькі пытанні пра 2015-2016 гады, хоць абвінавачанне ідзе адносна 2011-2012 гадоў. Аб гэтым годзе ўвогуле ніякай інфармацыі дагэтуль няма. Дый такія сведчанні нельга лічыць, згодна з КПК, праўдзівымі і легальнымі, бо яны былі дадзеныя пад ціскам», – заўважыў праваабаронца Алег Волчак.

Сутнасць абвінавачання ў наступным: Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч нібыта незаконна адкрылі рахунак у адным з літоўскіх банкаў, куды ў 2011 годзе, нібыта паступіла больш за 140 тысяч еўраў. Гэта нанесла шкоду беларускай дзяржаве – 22 тысячы рублёў нясплачаных падаткаў. Самі фігуранты справы ўпэўненыя, што працэс ёсць палітычнай помстай.

Вось што кажа Ігар Комлік:

«Дэкрэт N3 выклікаў вялізарнае абурэнне людзей. І прафсаюз РЭП не мог заставацца ўбаку ад такога наступу на правы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, ну і ў адказ раптам у 2018 годзе, нягледзячы на ўсіх агентаў, узнікла справа 2011 года».

Уласна ператрусы ў сядзібе РЭП і затрыманні чальцоў арганізацыі пачаліся летась, акурат пасля завяршэння хвалі пратэстаў супраць гэтак званага «падатку на дармаедаў».

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu