Дэпутат Марзалюк патрабуе патлумачыць затрыманні дэманстрантаў


Незвычайная для беларускіх рэаліяў гісторыя. Былы сенатар Савету рэспублікі, і дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў – Ігар Марзалюк – мала таго што адзіны з праўладных дэпутатаў выйшаў да ўдзельнікаў Маршу недармаедаў у Магілёве ў сакавіку. Ды цяпер яшчэ і патрабуе ад Магілёўскай міліцыі патлумачыць прычыны затрыманняў мірных дэманстрантаў.

Свой сярод чужых ці чужы сярод сваіх? Беларускамоўны дэпутат з дэмакратычнымі поглядамі, які пры гэтым безумоўна падтрымлівае Лукашэнку і дзеянні ўладаў, у тым ліку недэмакратычныя і антыбеларускія. Гэтак коратка можна акрэсліць супярэчлівую асобу Ігара Марзалюка.

А яшчэ актывіст: на пачатку 90-х – сябра БНФ, пасля – Беларускай сацыялістычнай грамады.

Але неўзабаве радыкальна змяніў погляды і стаў адданым прыхільнікам дзейных уладаў. Ігар Марзалюк узначаліў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце… Музей Лукашэнкі.

«Ты прагаласуеш за Лукашэнку. Прынамсі я зраблю менавіта так. І вас заклікаю да гэтага ж».

Карʼерны ўзлёт перанёс Ігара Марзалюка ў сталіцу: спачатку ў сенатарскае крэсла, а з мінулага года – у дэпутацкае.

Дэпутат мае намер актыўна адстойваць інтарэсы сваіх магілёўскіх выбарцаў.

«Ты павінен не сядзець у Менску, а ўвесь час пахаць як вол у сваёй акрузе. Ты павінен чуць, якія праблемы і ў рэгіёне і ў горадзе. Ты павінен сам прыходзіць і да губернатара, і да мэра, і да кіраўніка адміністрацыі і пытацца з іх», – гаварыў ён.

Пытае тлумачэнняў дэпутат Марзалюк і ў магілёўскай міліцыі – наконт затрыманых удзельнікаў сакавіцкага Маршу недармаедаў. Падштурхнуў яго да дзеяння зварот праваабаронцаў, якія прасілі дэпутата дапамагчы ў вызваленні і рэабілітацыі пакараных людзей.

«Тое, што Марзалюк вырашыў зрабіць запыт у міліцыю – гэта нечакана для нас. Гэта сведчыць пра тое, што ён не да канца ведае заканадаўства і хоча падабацца і тым і іншым», – кажа магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

Ці не дзеля гэтага і дэпутат Марзалюк узяў удзел у акцыі 15 сакавіка?

«Як усе людзі, спартова апрануўся і прыйшоў з людзьмі паразмаўляць».

А калі як усе людзі, дык і пакаранне дэпутата – удзельніка акцыі мусіць быць такое ж, як і ў дачыненні іншых пратэстоўцаў, мяркуе праваабаронца Аляксандр Хамратаў, які ўжо месяц патрабуе ад магілёўскіх уладаў прыцягнуць Марзалюка да адказнасці.

«Чаму ў дзеяннях дэпутата няма складу адміністратыўнага парушэння, а ў дзеяннях народа, які з ім размаўляў, ёсць склад правапарушэння. І больш за тое: людзей, якія там прысутнічалі, закрылі ў вязніцы на 2 тыдні», – мяркуе праваабаронца Аляксандр Хамратаў.

Праваабаронцы перакананыя, што за акцыю дэпутата не пакараюць, а вось за такое самавольства, як запыт у міліцыю, ён можа атрымаць вымову.

«Ён будзе выконваць усё тое, што яму загадаюць зверху, таму з аднаго боку, ён намагаецца касіць пад дэмакрата, а з іншага боку яму проста гэтага не дазволяць», – кажа Барыс Бухель.

Дробныя ж праявы дэмакратычнасці дэпутата Марзалюка не задаволяць ні адзін, ні другі бок.

belsat.eu