Дэпутат Ганна Канапацкая пачала змаганне за правы асуджаных


Здзекі, прыніжэнні ды негалосная забарона на перадачы – дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і сябра АГП Ганна Канапацкая склікала круглы стол, каб абмеркаваць умовы ў беларускіх ізалятарах і турмах.

«Асноўная праблема ўмовы ўтрымання – няма медычнага забеспячэння, якасць ежы і адсутнасць гарантый правоў», – тлумачыць спадарыня Ганна Канапацкая.

На думку дэпутаткі, Беларусь мусіць узяць прыклад з еўрапейскіх краінаў, дзе дэпартамент выканання пакаранняў падпарадкоўваецца не сілавікам, а міністэрству юстыцыі.

«У турмах у Еўропе (я там быў на экскурсіі, не сядзеў) чалавека імкнуцца сапраўды перавыхаваць. У нас спрабуюць чалавека зламаць, зрабіць кепска і чым больш яму кепска, тым ім лепей, душа радуецца, калі чалавеку кепска», – распавядае праваабаронца Валерый Шчукін.

Шчукіну і самому даводзілася інспектаваць ізалятары знутры

З правапарушэннямі ды прыніжэннямі ён сутыкаўся асабіста.

«Мяне пасадзілі ў карцар, адабралі акуляры і кажуць: прыбірай павуцінне. Я не бачу без акуляраў павуцінне. Яны адкрылі ваду, а я спачатку не зразумеў – вада ліецца на падлогу, кажуць, прыбірай. А я – ну рабяты, ну ідзіце вы, я прыбяру, вы зноў нальяце, так і шл​ёпаў па ёй, пакуль сама не высахла. Як гэта называецца? Здзек ці як?», – абураецца Валерый.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» штогадова выпускае справаздачу па выніках маніторынгу беларускіх турмаў, але юрысты ўпэўненыя: каб выправіць сітуацыю, трэба знайсці спосаб дагрукацца да ўладаў. Бо пакуль органы звяртаюць увагу на парушэнні прававых нормаў толькі ў крытычных выпадках – напрыклад, калі вязень памрэ, як гэта было ў выпадку Ігара Пцічкіна.

Што трэба зрабіць?

«Неабходна заканадаўчае змяненне правоў і яны мусяць тычыцца ў тым ліку і ролі арганізацыяў грамадзянскае супольнасці ў працэсе барацьбы за правы вязняў, зараз праваабаронцы выціснутыя з гэтага поля», – даводзіць юрыст Павел Сапелка.

Па выніках круглага стала ўдзельнікі падрыхтавалі зварот з пералікам усіх парушэнняў, далей ініцыятыўная група збярэ подпісы ды накіруе дакумент ва ўсе магчымыя інстанцыі, як то МУС, Дэпартамент выканання пакаранняў, Савет міністраў ды Палату прадстаўнікоў.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum