Дэпутат Еўрапарламенту: «Еўрапейцы не ўяўляюць, якую АЭС Беларусь гатовая пабудаваць»


Менск вітае рашэнне Літвы прызначыць адмысловага пасланніка ў пытаннях будаўніцтва Астравецкай АЭС, але толькі для больш эфектыўнага дыялогу. Пра гэта сёння заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзмітрый Мірончык.

ДЗМІТРЫЙ МІРОНЧЫК, ПРЭС-САКРАТАР МЗС БЕЛАРУСІ:

«Калі гэтая пасада ўводзіцца толькі з мэтай далейшай палітызацыі пытання і пераносу дыскусіі на міжнародныя пляцоўкі, якія часта не маюць аніякага дачынення ні да ядравай тэматыкі, ні да энергетыкі, ні да экалогіі, то ў такім выпадку гэта, хутчэй, контрпрадуктыўны крок».

Пра новага дыпламата ў пытаннях бяспекі будаўніцтва Беларускай АЭС стала вядома напярэдадні – ім стаў Дарус Дзягуціс, які працуе ў літоўскім МЗС яшчэ з 1991 года ды мае вялікі дыпламатычны досвед: праца амбасадарам у Ізраілі ды Польшчы, дыппрадстаўніцтвах Даніі ды ЗША. Адмысловы пасланнік будзе рэпрэзентоўваць пазіцыю Літвы аб Астравецкай АЭС пры супрацы з міжнароднаю супольнасцю, абменьвацца інфармацыяй з іншымі краінамі ды парламентамі – у тым ліку з афіцыйным Бруселем.

ЖЫГІМАНТАС ПАВІЛЁНІС, ДЭПУТАТ ЛІТОЎСКАГА СЕЙМУ:

«Менск, вядома, не чуе нашай крытыкі і не разумее, што Астравец прыдуманы Крамлём толькі для таго, каб пасварыць нас з Менскам, і другое – каб пасварыць Менск з Бруселем».

Аднак пытанне бяспекі будучай беларускай АЭС уздымаецца не толькі ў Вільні. Яшчэ ў кастрычніку ў Еўрапейскім парламенце была створаная адмысловая група бяспекі для будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі. Паводле дэпутата ад Літвы Пятраса Аўстравічуса, амаль ніводнае паседжанне Еўрапарламенту не праходзіць без абмеркавання гэткага пытання.

ПЯТРАС АЎСТРАВІЧУС, ДЭПУТАТ ЕЎРАПЕЙСКАГА ПАРЛАМЕНТУ:

«Мушу сказаць, што спадару Лукашэнку неяк удалося схаваць гэтае пытанне ад еўрапейскіх палітыкаў. Або самыя еўрапейцы не ўяўляюць, якую станцыю Беларусь гатовая пабудаваць у Астраўцы».

Якую ж станцыю сапраўды будуюць у Астраўцы, кажа і апошні выпадак. 26 снежня падчас манеўраў на чыгуначнай станцыі корпус рэактара зачапіў слуп кантактавае сеткі. Яшчэ раней, у ліпені, першы корпус зваліўся беспасярэдне на пляцоўцы будаўніцтва з вышыні ды ўпаў на зямлю.

АНДРЭЙ АЖАРОЎСКІ, ФІЗІК-ЯДРАВІК:

«Гэтыя людзі – яны не ў стане выконваць інструкцыі, яны не ў стане дзеяць як нармалёвыя, адказныя, прафесійныя інжынеры і будаўнікі, таму гэтая расейскае атамнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі становіцца яшчэ больш небяспечнае».

Што ж да ўласна пытання мэтазгоднасці будаўніцтва АЭС, то яно, паводле Андрэя Ажароўскага, з самага пачатку было для ўладаў Беларусі палітычнае – афіцыйны Менск не толькі доўгі час не дапускаў міжнародных экспертаў для ацэнкі бяспекі будучага праекту, але і распачаў будаўніцтва станцыі, ігнаруючы абавязковыя для выканання міжнародныя пагадненні.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: БелАЭС