Дэманстрацыя раскошы можа ператварыцца для Лукашэнкі ў рэвалюцыю – эксперт


Першае інтэрвю, бадай, самага вядомага хлопчыка нашае краіны. Афіцыйны тэлеканал «Беларусь-1» паказаў амаль 40-хвілінны сюжэт, прысвечаны трэцяму сыну Аляксандра Лукашэнкі – Мікалаю. Сярод іншых пытанняў хлопец адказаў і на тое, якое, паводле ягонага ж прызнання, яму задаюць найчасцей.

«А хацеў бы ты стаць пераемнікам прэзідэнта Беларусі?», – запытаў Яўген Грышын.

«Многія людзі ў мяне пра гэтае пытаюцца. Ну я, калі шчыра, не вельмі хацеў бы стаць прэзідэнтам, бо гэта будзе вельмі складанае жыццё. Не ўпэўнены, што я гатовы да яго», – адказаў Мікалай Лукашэнка.

Як не гатовае, скажам, і айчыннае заканадаўства. Паводле Канстытуцыі, прэзідэнтам Беларусі можна стаць не раней, чым у 35 гадоў: у выпадку Мікалая Лукашэнкі – праз 23 гады. Між тым для ягонага бацькі, якому налета спаўняецца 63, пытанне адзінаасобнай перадачы ўлады – прынцыповае і куды больш складанае за адпаведныя змены ў Канстытуцыі, адзначае палітолаг Павел Усаў.

«Выглядае на тое, што менавіта Мікалая ён рыхтуе на свайго спадкаемцу. І паступова ўводзіцца ў ментальнасць беларусаў гэты новы вобраз – вобраз Мікалая як гэткага прадстаўніка новай эліты», – адзначыў Павел Вусаў.

Пры гэтым тэлесюжэт, пабудаваны ў форме сустрэчы 11-гадовага журналіста з расейскай глыбінкі Яўгена Грышына з 12-гадовым сынам кіраўніка Беларусі, паказвае жыццё прадстаўніка новай эліты нашай краіны не толькі праз словы Мікалая. У кадры – язда на электракары, сямейная гаспадарка, у якой знайшлося месца нават поні, павам ды страусам, хакейныя трэнаванні некалькі разоў на тыдзень, гранне на раялі коштам каля 18 тысяч долараў ды фотаальбом са здымкамі са шматлікіх падарожжаў.

«Складана сказаць, якая самая запамінальная была паездка. Спадабалася вельмі і ўва ўсходніх краінах, і на Захадзе, у Паўднёвай Амерыцы і ў ЗША калі мы былі», – кажа Мікалай Лукашэнка.

Між тым раскоша, у якой жыве сямʼя Лукашэнкі і якая аніяк не вяжацца з былым вобразам кіраўніка краіны як выхадца з народу, можа з сённяшніх дабротаў ператварыцца і ў небяспеку для яго, заўважае Павел Усаў.

«Калі людзі пачынаюць бачыць, што менавіта мы бедныя, а ты багаты, і пытанне сацыяльнай і палітычнай справядлівасці пачынае станавіцца вельмі вострае, тады ўжо можна гаварыць пра першы крок да рэвалюцыі», – кажа Павел Вусаў.

Зрэшты, усялякая рэвалюцыя – зʼява вокамгненная, яе немагчыма спрагназаваць ці прадказаць. «Белсат» распытаў жыхароў Менску, як яны ставяцца да раскошы Лукашэнкаў на тле агульнай галечы ў краіне.

«Шкаляры ходзяць з айфонамі, і мы жывем добра!», – кажа мінак.

«Што тут гаварыць? Трэба справамі займацца – і ўсё будзе нармальна! А хто там што бярэ… Ну бяруць – і ўсё! Былі б мы на яго месцы, то можа таксама б бралі, хто ведае. Я дык стопудова браў бы!», – яшчэ адно меркаванне са сталічных вуліц.

«Калі народ дрэнна жыве, то прэзідэнт не можа жыць лепей!», – кажа жанчына.

Пахне чым заўгодна, але не рэвалюцыяй.

Валеры Руселік belsat.eu