Дэкрэт аб дармаедах: хлусня ў прапагандысцкім фільме БТ


Не хадзіце, людзі, на акцыю пратэсту супраць падатку на беспрацоўе. Бо ўсё скончыцца Майданам, тэрактамі і вайной. Такая асноўная ідэя амаль паўгадзіннага спецрэпартажу дзяржаўнага тэлебачання «Звонок другу». Невядомы аўтар сцвярджае, што міру і стабільнасці ў Беларусі пагражае Мікалай Статкевіч, апазіцыйны лідар, які рыхтуе пераварот на грошы з Захаду і ад украінскіх крымінальных аўтарытэтаў.

Рэпартаж БТ – крывавы рулет хлусні, замоўчванняў, маніпуляцыяў, гвалту

Масавыя акцыі пратэсту супраць лукашэнкаўскага дэкрэту №3 тут паказаныя, як зборышча аплочваных актывістаў пад кіраўніцтвам чамусьці выключна Мікалая Статкевіча. «Белсат» распытаў менчукоў, наколькі яны паверылі прапагандысцкаму фільму.

«Я глядзела гэта. Там намяшалі ўсяго: Майдан, Адэса, дармаеды. Змяшалі людзей і каней», – кажа жанчына.

«Я глядзеў у «Facebookʼу» трансляцыю з маршу. Там дзяды ды бабкі. Проста людзей ужо дастала ўсё гэта», – мяркуе немалады мянчук.

«Я не веру ў тое, што там кажуць і падтрымліваю людзей, якія выходзяць супраць гэтага дэкрэту», – дадае жыхарка сталіцы.

Мікалай Статкевіч каментаваць дзяржаўную прапаганду не хоча.

Беларускія анархісты ўперамешку з Майданам, бандэраўцамі, фашыстамі і пагрозай тэракту – сэнсоўна БТ не зрабіла нічога новага з 90-х гадоў, кажа Юрый Хашчавацкі.

Мірны пратэст гэта Майдан, а Майдан гэта кроў

Такую ўстаноўку бэтэшнікі транслююць з дапамогай палітолагаў пераважна крамлёўскіх поглядаў.

Двух украінскіх экспертаў скарысталі «у цёмную». Таксама БТ уключыла груба злепленыя кавалкі аўдыё з праслухоўвання тэлефона і кампʼютара Статкевіча. Маніпуляцыя практычна не замаскаваная.

Хто дазволіў публікаваць прыватныя тэлефонныя размовы?

«Рэжысёры, і фільм, і тэлебачанне беларускае насамрэч зʼяўляюцца правадніком ідэі беззаконня ў канкрэтна гэтым выпадку. І калі вы думаеце, што яны на гэтым спыняцца, то вы глыбока памыляецеся», – даводзіць спадар Хашчавацкі.

Абвінавачанне людзей у пратэсце за грошы абурыла беларусаў

Словы БТ, што на Майдане пратэстоўцаў расстрэльвалі ў спіну свае ж, абурыла ўкраінцаў. Паводле інфармацыі «Белсату», грамадскія актывісты ў Кіеве рыхтуюць зварот да амбасадара Украіны ў Беларусі з просьбай адэкватна адрэагаваць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»