Дазволены пратэст недармаедаў скончыўся хапуном


Адзіная афіцыйна дазволеная акцыя супраць гэтак званага дэкрэту аб дармаедстве пачалася з затрыманняў журналістаў і лідараў апазіцыі, а скончылася хапуном дзясяткаў анархістаў. Раніцаю ў цэнтры нашае сталіцы зʼявілася спецтэхніка. Тым не менш у дзень Канстытуцыі каля трох тысячаў чалавек пратэставалі ня толькі супраць закону аб сацыяльным утрыманстве, але і супраць цяжкога эканамічнага становішча ў краіне агулам.

Акцыя была дазволеная, але метро «Акадэмія навук» перакрылі

Пратэстоўцаў чакалі ўзмоцненыя нарады міліцыі і адмысловая спецтэхніка з вадамётамі і нажамі для разбурэння барыкадаў. Паводле арганізатараў, улады свядома пайшлі на такую правакацыю, бо перашкоды афіцыйна дазволенай акцыяй могуць толькі падбухторыць народ

Стаўленне ж тысяч людзей было відавочнае як з лозунгаў, кшталту «Хто галоўны дармаед – беларускі прэзідэнт» і з такіх плакатаў. Напружанне на нібыта дазволенай акцыі расло яшчэ да пачатку шэсця

«Чатыры чалавекі былі выкрадзеныя на прыпынку супрацоўнікамі АМАП у цывільным. Іх спрабаваў спыніць міліцыянт, але яго адпіхнулі», – распавёў удзельнік акцыі пратэсту.

Найбольш нервова праваахоўнікі рэагавалі на некалькі дзясяткаў анархістаў

Анархісты ўжо традыцыйна былі ў цэнтры сталічнага пратэсту. Патрабаванню «пакінуць тэрыторыю» актывісты не падпарадкаваліся і не сумняваліся, як скончыцца для іх акцыя.

«Мы думаем, што безумоўна будуць нас намагацца затрымаць, мы да гэтага гатовыя. Мне падаецца, што мы адзін з нешматлікіх непадкантрольных уладам рухаў», – заявіў адзін з анархістаў.

Людзі ў цывільным накінуліся на калону анархістаў. Тых, хто адбіўся затрымлівалі ўжо ў грамадскім транспарце. Як паведамляюць сведкі, невядомыя збівалі ўдзельнікаў акцыі, у тым ліку дзеўчын. Агульная лічба затрыманняў у сувязі з пратэстамі супраць гэтак званага падатку на дармаедства сягае ўжо нават ста сарака. Колькі было затрымана сёння ў дзень канстытуцыі Беларусі, у сталіцы і ў Магілёве пакуль не вядома – паводле непацверджанай інфармацыі гаворка можа ісці нават пра 20 чалавек.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»