Даць адпор раку




Сёння ўва ўсім свеце – Дзень барацьбы з ракам. Гэтая хвароба, што раней была непераможнай, цяпер даволі паспяхова лякуецца. Але Сусветная арганізацыя здароўя апублікавала несуцяшальны прагноз: цягам наступных 20 гадоў колькасць анкахворых павялічыцца на 70 %, пра сітуацыю ў Беларусі – Настасся Храловіч.

Анкалогія – больш не прысуд. Як і ў свеце, у Беларусі колькасць ракавых хворых расце: на пачатку 90-ых колькасць новых зарэгістраваных склала 26 тысячаў чалавек, а ў 2014 – у два разы больш, 46 тысячаў. Аднак даць рады шкодным пухлінам цалкам магчыма. Гэтак, жыхарка Пінску Ірына Башанкова ўзгадвае: дыягназ быў шокам, але жанчына здолела перамагчы рак.

Даведалася я, напэўна, як шмат хто, выпадкова – была разгубленая, і 1000 пытанняў, пасля я сабралася, вырашыла змагацца, бо мне было дзеля чаго жыць.

У Еўропе хворых на анкалогію ў прымусовым парадку накіроўваюць да псіхолага. У Беларусі такой практыкі пакуль не існуе, але самі хворыя аб’ядноўваюцца ў групы падтрымання, ладзяць прэзентацыі ды канцэрты. Напрыклад, у Пінску адбылася прэзентацыя кнігі «Як харчавацца хворым на рак», а таксама кансультацыя анколага. Ірына Бянько, стваральніца групы падтрымання «Іскрынка надзеі», упэўненая: калі на свае вочы бачыш чалавека, якому дыягназ рак паставілі дваццаць гадоў таму, сам становішся аптымістам:

Хопіць нам ужо баяцца самога дыягназу, давайце змагацца з гэтым, жыць з гэтым, ну што зробіш – шмат людзей з дыягназам рак, але яго можна перамагчы. Ужо 70% рака на Беларусі афіцыйна лякуецца, таму мы жывем аптымістычнымі надзеямі.

Прагназуецца, што ў Беларусі колькасць анкалагічных хворых у наступным годзе павялічыцца да 50 тысячаў, а ў 2020 – да 70 тысячаў. Універсальных парадаў наконт таго, як не захварэць на рак, няма – на жаль, гэта можа здарыцца з кожным. Але паменшыць свае шанцы на знаёмства з анкалогіяй – цалкам магчыма. Каментуе Дзяніс Зельман, хірург-анколаг:

Асноўная мая рэкамендацыя напэўна будзе ў тым, каб людзі больш уважліва ставіліся да сябе і свайго здароўя, пра што я кажу: трэба разумець, што чым старэйшы чалавек, тым больш верагоднасць, што ў яго зʼявіцца шкодная пухліна.

Таксама дактары раяць есці менш смажанага і вэнджанага, абавязкова адмовіцца ад цыгарэтаў ды абследавацца, нават калі падаецца, што ўсё ў парадку: рак, выяўлены на першай і другой стадыі, вылечваецца ў 90 % выпадкаў.

НХ, belsat.eu